Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Філосаф ідэі: Дактрына Гедройца-Мерашэўскага — найкаштоўнейшая частка польскай палітычнай спадчыны

24.11.2026 15:11
У сённяшніх умовах, калі вайна і палітычныя канфлікты зноў змяняюць рэгіянальны парадак, гэтая спадчына польскіх эміграцыйных мысляроў набывае асаблівае гучанне.
Jerzy Giedroyc, 1997 r.
Jerzy Giedroyc, 1997 r.PAP/Jerzy Ruciński

Дактрына Ежы Гедройца і Юліюша Мерашэўскага і сёння важная для асэнсавання адносін Польшчы з Беларуссю, Украінай, а таксама Літвой.

У гэтай канцэпцыі прынцыпова важнае месца займала прызнанне самастойнасці ўсходніх суседзяў Польшчы: іх не разглядалі як аб’ект польскай палітыкі, а як партнёраў, чыя незалежнасць і суб’ектнасць маюць значэнне для бяспекі ўсяго рэгіёна. Ідэя «УЛБ» — Украіны, Літвы і Беларусі — стала адным з ключавых арыенціраў польскага эміграцыйнага часопіса «Культуры», а сама дактрына прапаноўвала пераасэнсаваць польскія інтарэсы не праз дамінаванне, а праз добрасуседства і супрацоўніцтва.

У сённяшніх умовах, калі вайна і палітычныя канфлікты зноў змяняюць рэгіянальны парадак, гэтая спадчына набывае асаблівае гучанне. Яе актуальнасць не зводзіцца да гістарычнай памяці ці асобных палітычных формул: гаворка ідзе пра спосаб будаваць адносіны, у якіх нацыянальная бяспека не павінна дасягацца за кошт свабоды суседніх народаў.

У чым заключаюцца асноўныя прынцыпы дактрыны Гедройца і Мерашэўскага? Чаму яе называюць імёнамі абодвух мысляроў, а не толькі Гедройца? Адказвае Анджэй Гняздоўскі — доктарам філасофскіх навук, дацэнт Інстытута філасофіі і сацыялогіі Польскай акадэміі навук.

— На мой погляд, галоўным элементам дактрыны Гедройца была ідэя салідарнасці — міжнароднай салідарнасці з краінамі Усходняй Еўропы, але таксама з краінамі Заходняй Еўропы. Гэта была ідэя ўключэння ўсходнееўрапейскіх краін — Украіны, Беларусі, Літвы — у еўрапейскія структуры разам з Польшчай.

Гэта была цэласна антыімперская думка, працяг палітычнага рамантызму, які ўзнік у XIX стагоддзі пасля страты Польшчай незалежнасці і стаў, па сутнасці, агульнай палітычнай традыцыяй Літвы, Беларусі і Украіны. Антыімперыялізм быў скіраваны найперш супраць Расіі і яе расійска-савецкай трансфармацыі. Але ён меў і ўнутраны аспект: крытычнае стаўленне да імперскіх матываў у польскай думцы, пераадоленне нацыянальнага эгаізму і патэрналізму ў адносінах да ўсходніх суседзяў.

Гедройц да вайны належаў да Праметэйскага руху, якому таксама былі блізкія гэтыя ідэі. У кнізе Цімаці Снайдэра «Таемная вайна» пра Генрыка Юзэўскага і міжваенны Праметэйскі рух, часткай якога быў Гедройц, гэты рух апісваецца як своеасаблівы антыкамуністычны інтэрнацыянал. Ён аб’ядноўваў эмігрантаў з рэспублік Савецкага Саюза ў Польшчы, якія змагаліся за нацыянальнае адраджэнне і незалежнасць.

Юліюш Мерашэўскі, як і Гедройц, быў эмігрантам з даваеннай Польшчы, жыў у Лондане і стаў адным з інтэлектуальных цэнтраў часопіса «Культура» за межамі Парыжам. Мерашэўскі шмат пісаў на палітычныя тэмы. Яго часам называюць рупарам Гедройца: яны перапісваліся, і ў гэтай вялікай карэспандэнцыі фармаваліся асноўныя ідэі дактрыны.

Чаму для польскіх інтэлектуальных колаў у эміграцыі ў  1950–60-ыя гады  ідэі Гедройца і Мерашэўскага пра прызнанне ўсходняй мяжы Польшчы, станаўленне народаў за ёй, былі наватарскімі, а нават выклікалі скандалы і расколіны ў тагачаснай польскай эміграцыі?

— «Культура» была толькі адным з цэнтраў польскай эміграцыі на Захадзе. Іншым, больш устойлівым, быў эміграцыйны ўрад у Лондане, які прытрымліваўся некалькі іншай палітычнай лініі, якая больш перагуквалася з Нацыянальным рухам, апазіцыйным да ідэй  Гедройца і Мерашэўскі. Яны з самага пачатку імкнуліся ўплываць і на людзей у самой Польшчы. Яны разумелі, што рэвалюцыю нельга зрабіць звонку: яна павінна нарадзіцца ўнутры краіны. Таму сваімі тэкстамі яны спрабавалі дасягнуць польскіх чытачоў. Узнікненне «Салідарнасці», перад тым Камітэту абароны рабочых пацвердзіла, што іх стратэгія была найбольш эфектыўнай.

Ці запатрабаваная спадчына Гедройца і Мерашэўскага Польшчы сёння? Ці ёсць запыт на гэтую канцэпцыю, ці гэта ўжо гістарычная, састарэлая мадэль?

— Я глыбока перакананы, што гэта адзіная рацыянальная і адначасова маральна абгрунтаваная палітычная пазіцыя. Яна і сёння мае перспектыву. Гедройц і Мерашэўскі не столькі стварылі абстрактную ідэю ці дактрыну, якая спрацавала ў свой час і цяпер можа быць правераная на будучыню, колькі асэнсавалі ўсю польскую палітычную традыцыю: хто такія палякі, да чаго імкнуцца, якое іх месца ў свеце.

Мне здаецца, што працяг гэтай традыцыі — магчыма, ужо пад іншай назвай, не абавязкова як дактрына Мерашэўскага і Гедройца — будзе актуальны, пакуль існуе Польшча і людзі ідэнтыфікуюць сябе як палякі. Гэта, на мой погляд, найкаштоўнейшая частка польскай палітычнай спадчыны. У тэкстах Мерашэўскага і Гедройца мы можам зноў і зноў вучыцца: не паўтараць іх думкі, а, абапіраючыся на тое, як яны асэнсоўвалі сваю рэчаіснасць, глядзець на сучаснасць.

Апошняе пытанне — і невялікая анекдатычная заўвага. Адна з галоўных магістраляў Мінска носіць імя Фелікса Дзяржынскага. Калі ехаць па ёй на захад, у бок выезду з горада ў кірунку Брэста, у тралейбусе ці аўтобусе можна пачуць назву прыпынку «Ежы Гедройца». Як успрымаюць гэтую спадчыну і ці цэняць яе ва Украіне, Літве і Беларусі?

— Калі судзіць з вашых слоў пра прыпынак у Мінску, магчыма, Гедройца там заўважаюць і цэняць больш, чым у Польшчы: у Варшаве няма вуліцы Гедройца... Вядома, жартую. Шчыра, мне цяжка сказаць, наколькі гэтыя ідэі сапраўды прысутнічаюць у рэгіёне. Аднак нядаўна я адкрыў для сябе, што на фоне апошняга абвастрэння польска-ўкраінскіх адносін зноў актуальная постаць Юзафа Лабадоўскага — публіцыста, які шмат і грунтоўна пісаў менавіта пра польска-ўкраінскія адносіны.

Фактычна ўся яго палітычная публіцыстыка была апублікаваная і па-польску, і па-ўкраінску. Мне здаецца, калі б Лабадоўскага шырэй чыталі і ў Польшчы, і ва Украіне, магчыма, напружанасць не ўзрастала б, а бакі знайшлі б сапраўднае рашэнне — у духу ўласна дактрыны Гедройца.

Слухайце аўдыё!

эж

Ежы Гедройц адзначаў вырашальнае значэнне Беларусі для незалежнасці Польшчы

23.07.2026 06:30
Ён лічыў, што Польшча павінна змірыцца са стратай так званых Крэсаў.