Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Таццяна Нядбай: Прэмія Гедройця адлюстроўвае сітуацыю беларускіх аўтараў і выдаўцоў

08.11.2026 11:30
7 лістапада ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў Гданьску былі абвешчаныя пераможцы 15-й літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця.
Таццяна Нядбайфота: Беларуская служба Польскага радыё

Журы прысудзіла першае і другое месцы творам, якія ўдзельнічалі ў конкурсе ў зашыфраваным выглядзе. З меркаванняў бяспекі сапраўдныя імёны аўтараў і назвы гэтых кніг пакуль што не абвяшчаюцца публічна.


. .

Першае месца атрымала кніга, аўтару якой давялося прыдумаць для ўдзелу псеўданім Аляксандр Касцюковіч і назву-маску «Лірнік». Журы ўганаравала кнігу «за высокае майстэрства валодання словам і глыбокую эмпатыю».

Другое месца здабыла кніга з назвай-маскай «Цесля жыцця», аўтар якой удзельнічаў пад псеўданімам Сяргей Дубаўцэвіч. Кніга ўганараваная «за сінтэз дакументальнага і мастацкага і плённае развіццё беларускай даследчыцкай прозы».

Трэцюю прэмію атрымаў раман «Пентаквантар» (кнігі 1 і 2) Арцёма Шуканава – «за яскравую мультыкультурную навукова-фантастычную сагу, якая пашырае жанравыя межы беларускай літаратуры».

Кіраўніца Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай гаворыць, што цягам 15-ці гадоў існавання прэміі, яны ніколі не сумняваліся ў яе актуальнасці.

- Мы заўсёды разумелі, што патрэбны механізм, які б выбіраў найлепшае з літаратуры і даваў арыенціры, з аднаго боку, чытачам, а з іншага аўтара, каб стымуляваць іх пісаць больш. Я, канечне, выдатна разумею, што ёсць розныя аўтары, адны любяць спаборніцтва, другія менш любяць спаборніцтва. Тым менш, калі цябе або тваю кнігу абіраюць як найлепшую, гэта, у прынцыпе, стымулюе нейкі творчы патэнцыял і можна спадзявацца на тое, што аўтар атрымае належную ацэнку, належнае прызнанне, таму што гэта вельмі важна для аўтара, каб атрымаць зваротную сувязь. Гэта своеасаблівая зваротная сувязь, якая вельмі каштоўная. Але гэты механізм добры, калі ён дзейнічае штогод. Нельга, каб гады нейкія выпадалі, і таму тут галоўная наша задача і выклік – гэта тое, каб арганізаваць прэмію штогод, а штогод уся арганізацыя пачынаецца з пошукаў фінансавання, што таксама трэба ўзяць да ўвагі. Вось гэты нябачны кавалак працы.

Сёлета ў прэміі ўдзtльнічалі 24 кнігі. Таццяна Нядбай кажа, што былі больш багатыя гады на кнігі. Беларуская літаратура перажывае цяжкія часы, пра што сведчыць, у тым ліку, факт зашыфроўкі аўтарак і назваў кніг не таму, што аўтар хацеў працаваць пад псеўданімам, але з-за меркаванняў бяспекі.

- Безумоўна, прэмія Гедройця не вынаходзіць нейкую новую літаратурную сітуацыю, яна з'яўляецца своеасаблівым люстэркам, адбіткам той літаратурнай сітуацыі, якую мы маем. А маем мы ліквідаваны шэраг беларускіх выдавецтваў, страшна ўскладненую працу беларускіх выдавецтваў, якія працуюць у выгнанні і некаторыя з іх прызнаныя экстрэмісцкімі фарміраваннямі, што ўскладняе дастаўку кніг у Беларусь і выданне гэтых кніг складанае для аўтараў, якія знаходзяцца ўнутры Беларусі. Мы ведаем, што шмат якія з аўтараў у так званых нефармальных чорных спісах і не могуць выдацца ў Беларусі, не могуць выдацца за мяжой, таму што ім не дазваляюць меркаванні бяспекі. І гэта ўсё ўплывае на колькасць кніг, якія выходзяць, гэта з аднаго боку, а з іншага боку, мы, нягледзячы на ўсе намаганні, якія мы прыкладаем для таго, каб кожная кніга і кожны аўтар, улічваючы меркаванні бяспекі, маглі прыняць удзел у прэміі хаця б у зашыфраваным выглядзе, мы разумеем, што не ўсе могуць на гэта рашыцца. Таксама гэта адсякае частку кніг-удзельніц, і тыя 24 кнігі, якія сёлета прымалі ўдзел, гэта, канешне, далёка не найлепшы паказчык за 15 гадоў існавання прэміі.


. .

Журы спрачалася, але ў апошнім галасаванні члены былі адзінагалоснымі. Член журы Яанна Бэрнатовіч гаворыць, што дыскусіі былі, але яны былі вельмі важным элементам працэсу.

- Таму што, я, можа, нешта прапусціла, ці не заўважыла, ці трэба было вярнуцца да сваіх папярэдніх рашэнняў. На кожнае пасяджэнне журы я прыходзіла з пэўным ужо планам, што мне найбольш падабаецца, што мне менш падабаецца, найменш падабаецца. Пасля кожнага пасяджэння спіс мяняўся. Гэтыя дыскусіі ўплывалі наўпрост на падыход. Яны былі вельмі каштоўнымі ў гэтым плане. Па-другое, мы таксама жывем у вельмі спецыфічным часе, і тое, як працуе журы, як працуе наогул прэмія Гедройця, таксама ўплывае на выбар, на дынаміку наогул чытання, дынаміку літаратурнага працэсу. Я маю на ўвазе той факт, што ёсць і ў журы непублічныя асобы, ёсць сярод намінаваных таксама непублічныя асобы. Вось гэта ўсё ўплывае. Спрэчкі розныя можа і былі, але агулам гэта не мяняла прынцыпова нашых рашэнняў. Ніякіх сумневаў у літаратурных каштоўнасцях кніжак, якімі мы чыталі, гэтага не выклікала. Хаця выбар быў сапраўды вельмі цяжкі і няпросты.

Прэмія імя Ежы Гедройця – найбуйнейшая незалежная літаратурная прэмія Беларусі, якая ўручаецца штогод з 2012 года за найлепшую кнігу прозы ў папярэднім годзе на беларускай мове.

Арганізатарамі конкурсу Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця з’яўляюцца Аб’яднанне «Беларускі ПЭН» і Асацыяцыя «Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў».

ав