Беларуская мова ў Праваслаўнай школе святых Кірылы і Мяфодзія ў Беластоку гучыць не толькі на ўроках. Дзеткі сустракаюцца з ёю таксама на сцэне — у тэатральных пастаноўках, сцэнках і школьных імпрэзах. Тэатральным гуртком кіруе Ніна Абрамюк, якая ўжо шмат гадоў працуе з дзецьмі і праз тэатр стараецца не толькі развіваць іх акторскія здольнасці, але і набліжаць беларускую мову, культуру і традыцыі.
Ніна Абрамюк: Мы пачалі працу з верасня. Першы клас, гэта былі дзеткі, якія першы раз сутыкнуліся з беларускай мовай. Ну, можа, дзве асобы вучыліся ўжо ў беларускім прадшколлі. Адна асоба — з Беларусі. А так усё гэта польскамоўныя дзеці. Нам, здаецца, яны засвоілі свой матэрыял, так што мантаж аказаўся, мне здаецца, выкананы добра.
Старэйшыя — таксама ад верасня. Яны яшчэ і свае заняткі маюць. Так што тут рэпетыцыі адбываліся тады, калі яны мелі свабодны час: прыходзілі на пазнейшыя гадзіны, або канчалі раней, або нават час класа, так скажам, брала, і на ўроку працавалі з беларускай мовай.
Ну, і таксама тут пачаткоўцы, якія першы раз прынялі ўдзел у спектаклі. Ну і маем таксама вучаніцу, якая вучыцца ўкраінскай мове і таксама згадзілася прыняць удзел. Так што яны актыўныя, добра працавалі, стараліся. Ну, вядома, найцяжэй гэта было з моўнымі памылкамі, тэкст мы засвойвалі пераважна на рэпетыцыях, бо гэтых рэпетыцый было ў нас шмат.
А вучні былі зацікаўленыя, хацелі выступаць. Гэта ўжо сёмы клас. Я сказала ім: цяпер вы будзеце ўжо свабодныя, бо цяпер будуць толькі ўжо рыхтавацца яны да таксама мантажу на заканчэнне навучальнага года. Гэта будзе такі, скажам, падарунак для восьмага класа. Так што яны свабодныя. А цяпер я ўжо працую з другім класам, з пятым, шостым. Так што, ёсць што рабіць.
Яраслаў Іванюк: Гэтыя сцэнкі, якія паказалі старэйшыя, яны такія павучальныя. Думаеце, што дзеткі зразумеюць гэты цяжар працы настаўніка, адыграўшы такія сцэны?
Ніна Абрамюк: Я думаю, што так, бо яны самі бачаць, колькі ўсяго маюць настаўнікі, колькі розных маюць абавязкаў. Яны ведаюць пра гэта. Зрэшты, я, пакуль пачала рыхтаваць да спектакля, проста сказала, што настаўнік павінен рабіць. Тут ужо мы чулі ў гэтым спектаклі, што і расклад матэрыялу, гэта прадметная сістэма ацэнкі, падрыхтоўка да розных конкурсаў, таксама прымаць удзел у гэтых педагагічных, скажам, нарадах. Шмат, шмат абавязкаў. Сустрэчы з лагапедам, з педагогам, з бацькамі. Так што яны бачаць гэта. Бачаць, бо яны спачатку: «Столькі працы?» Ну так, столькі працы. І калі я пытаю: «Хто з вас, дзеткі, хацеў бы ўжо ў будучыні быць настаўніцай?» — «Ну, хіба не, хіба не». «А чаму?» «Ну, бо шмат, шмат працы». А тут працуем з кожным чалавекам і з бацькамі. Так што гэта праца нялёгкая, цяжкая праца.
Яраслаў Іванюк
Слухайце аўдыё