Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Яны вельмі тонка адчуваюць наш стыль». Sw@da x Niczos — пра супрацу з беларускімі артыстамі і рост цікавасці палякаў да разнастайнасці

12.11.2026 08:08
Музыкі расказваюць, як досвед жыцця на Падляшшы дапамагае ім знаходзіць агульную мову з беларускімі творцамі.
Sw@da x Niczos
Sw@da x Niczos запісалі песню з беларускім гуртом «Касары»Прэс-матэрыялы

Польскі дуэт Sw@da x Niczos запісаў песню «Ubram» разам з беларускім мужчынскім гуртам «Касары». Яна вырасла з асабістай страты і адкрывае новы альбом дуэта, які выходзіць 13 лістапада. У песні гучаць падляшская скрыпка і мужчынскія галасы, а ў рытмах і басах самі музыкі чуюць адгалоскі Бразіліі і Казахстана.

Запісвалі песнд у Студзіводах, дзе Niczos вучылася спяваць белым голасам. Напярэдадні выхаду альбома Беларуская слуджба Польскага радыё парзамаўляла з папулярным польскім дуэтам пра тое, як з гісторыі пра смерць нарадзілася песня, пад якую хочацца танчыць, чаму слухачы пасля іх канцэртаў згадваюць сваіх продкаў і што для музыкаў значыць праца з беларусамі ў эміграцыі і падляшскае паходжанне.

З чаго пачалася «Ubram» і чаму вы запрасілі ў песню «Касароў»?

Niczos: Для нас гэта вельмі важная песня. Яна пачалася са смерці майго дзядулі. Можна сказаць, што менавіта гэтая страта дала ёй пачатак. Мы запрасілі хор, каб мацней адчувалася, што гэта пахавальная песня, каб у ёй загучаў магутны мужчынскі голас. І нам вельмі падабаецца, як гэта атрымалася.

Sw@da: Мы яшчэ думалі пра ўвесь альбом як пра нешта, што аб’ядноўвае людзей. Здорава, што гэта ўдалося падкрэсліць удзелам цэлага мужчынскага хору. Мы адчувалі, што ў такім спалучэнні песня можа прагучаць асабліва моцна. У ёй ёсць урачыстасць, і мужчынскі хор яе падкрэслівае. Мы вельмі задаволеныя тым, як усё склалася. Тут сышліся даволі нечаканыя рэчы. Рытмы адсылаюць хутчэй да Бразіліі, а басы — можа, крыху ў бок Казахстана. І яшчэ скрыпка з Падляшша, на якой сыграў наш сябар. Мы паміж сабой кажам, што гэта такі пахавальны танец пад пахавальную песню. Думаю, некалі людзі і на пахаваннях танцавалі. Гэтае пачуццё таксама можна было вытанцаваць.

У песні сапраўды адчуваецца танец. Як вы перанеслі пахавальную традыцыю ў сучасную музыку? Абапіраліся на этнаграфічныя матэрыялы ці гэта прыйшло само з асяроддзя, у якім вы выраслі, у тым ліку побач з дзядулем, якому прысвечаная песня?

Niczos: З песнямі так бывае, што і сам не ведаеш, адкуль яны бяруцца. Прыходзіць песня, а ты можаш толькі здагадвацца, што яе выклікала. Можа, тое пачуццё, а можа, нешта, што ты слухаў ці што цябе ўразіла. Наўрад ці песня нараджаецца з нечага аднаго. І наўрад ці можна да канца зразумець, адкуль яна прыйшла.

Sw@da: Працуеш над адной рэччу, а потым аказваецца, што да яе выдатна пасуе нешта яшчэ. Так усё натуральна і складаецца. У працэсе раптам падумалі: «О, ды «Касары» тут выдатна прагучаць!» І вельмі добра, што мы змаглі запісаць іх у Студзіводах. Там я вучылася спяваць па-свойму, белым голасам. Яны таксама вельмі любяць гэтае месца, бо цесна звязаныя з музеем і Даратэушам Фёнікам. Для нас было важна, што падчас запісу мы адчувалі само месца. Гэта вельмі шмат мяняе. Тут сышлося столькі ўсяго, што мы самі здзіўленыя і ганарымся, што здолелі ўсё гэта злучыць.

Якое месца гэты сінгл займае ў новым альбоме?

Niczos: «Ubram» адкрывае альбом. Мы пачынаем са смерці, з аповеду пра яе, а далей праходзім праз розныя пачуцці, якія нас натхнялі. Пласцінка выйдзе ўжо 13 лістапада, а 19-га запрашаем на наш канцэртны тур. Будзем граць у вялікіх польскіх гарадах і паказваць новы матэрыял. «Ubram»  адведзеная у ім важная роля.

Sw@da: Для нас гэта дакладна будзе нешта новае, і сам тур, і тое, як мы да яго рыхтуемся. Апошнія гады мы гралі пераважна матэрыял з першай пласцінкі. Здаецца, ездзілі з ёю гады тры. Цяпер адчуваем, што пачынаецца новы этап, і ўжо вельмі хочацца паказаць, што ў нас атрымалася.

Вы з Беласточчыны, спяваеце на мясцовай гаворцы і падкрэсліваеце, што яна важная для вашай творчасці. Пры гэтым вас ведаюць па ўсёй Польшчы. У часы ПНР краіну ўяўлялі этнічна аднароднай, а цяпер усё больш цікавасці да рэгіянальных культур — сілезскай, кашубскай, лемкаўскай, падляшскай. Ці адчуваеце вы гэтую змену ў тым, як публіка вас прымае?

Niczos: Думаю, так. Мне здаецца, гэта слушнае назіранне. У часы ПНР моцна пацярпела народная музыка, у якой заўсёды можна было пачуць, адкуль яна родам. На ўсходзе яна гучала па-аднаму, у Сілезіі — зусім інакш. А афіцыйныя ансамблі кшталту «Мазоўшэ» ці «Шлёнска» фактычна атрымалі манаполію на тое, што называлася народнай музыкай. Яе стваралі ў гарадах, а да вясковай музыкі ставіліся паблажліва, быццам яна не вартая ўвагі.

На шчасце, здаецца, цяпер гэта мяняецца. Мы хочам паказаць найперш Падляшша, бо мы адсюль і ведаем, што тут адбываецца ў музыцы і мастацтве. Тут дагэтуль стаяць слупы, якія пазначаюць, дзе некалі праходзіла мяжа паміж Польшчай і Вялікім Княствам Літоўскім. Гэта заўсёды было памежжа з размытымі межамі. Самае цікавае для нас — тое, як тут жылі побач розныя людзі. Да вайны было шмат яўрэяў. Яны ладзілі вяселлі, мелі сваю музыку. Татары жывуць тут ужо некалькі стагоддзяў і па-ранейшаму даюць пра сябе знаць. Нам гэта падалося вельмі цікавым з мастацкага і музычнага гледзішча, і мы захацелі гэта паказаць.

Sw@da: Мы бачым, што ўсё больш людзей пытаюцца ў сябе, адкуль яны і адкуль іх продкі. Пасля канцэртаў да нас часта падыходзяць і кажуць, што ў іх, напрыклад, ёсць хтосьці з Падляшша. І пачынаюць капаць глыбей.

На Падляшшы даўно суседнічаюць розныя культуры, мовы і гаворкі. Цяпер вы супрацоўнічаеце і з беларускімі творцамі, якія пераехалі ў Польшчу. Што вам дае гэтая супраца і чаму яна для вас важная?

Sw@da: Мы працуем з рознымі беларускімі артыстамі. Нам проста падабаецца з імі працаваць. Нам добра разам па-чалавечы, і яны вельмі тонка адчуваюць наш стыль. Гэта яшчэ і спосаб падтрымаць іх, сказаць: тут можна рабіць тое, што хочацца, і пачувацца свабодна. Вельмі цяжка жыць за межамі сваёй краіны і пачувацца зусім чужымі. Таму заўсёды запрашаем на Падляшша. Ведаем людзей, якія прыехалі сюды і адчулі сябе хоць крыху як дома.

Niczos: У эміграцыі наогул цяжэй быць артыстам і займацца тым, што любіш. Я сам жыў у Лондане. Часта трэба зарабляць на жыццё іншай працай. Таму для нас вельмі добра, калі ёсць нагода зрабіць нешта разам. І, мне здаецца, гэта сапраўды ўдалыя супрацы. Як сказала Ніка, мы адкрытыя да гэтага. Мая бабуля таксама гаварыла па-свойму, хоць была каталічкай. Тут і праваслаўныя, і каталікі маглі гаварыць аднолькава, бо ўсё было вельмі перамяшана. Думаю, адсюль і наша адкрытасць да таго, што прыходзіць з усходу, і разуменне гэтай стылістыкі. А беларускія артысты вельмі цікава пераносяць яе ў сваю творчасць.

Слухайце аўдыё!

Эдуард Жолуд 

«Нам трэба пашыраць свядомасць польскага грамадства пра Беларусь і беларускую меншасць у Польшчы»

25.09.2025 12:55
Цэнтр Беларускай Культуры, які ўжо другі год працуе як установа культуры маршалка Падляскага ваяводства, ладзіць шмат імпрэзаў на самой Беласточчыне.

«Мы ўсе перамяшаныя»: польская пісьменніца Анета Прымака-Онішк — пра міф монаэтнічнай Польшчы

18.05.2026 08:21
Анета Прымака-Онішк разважае, ці гатовае польскае грамадства прыняць сваю шматэтнічнасць.