Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Польскі адказ Джэймсу Бонду: за што гледачы палюбілі серыял «Дакладзі, 07» (ФОТА/ВІДЭА)

25.11.2026 06:02
Культавы дэтэктыў аб буднях варшаўскай міліцыі: як серыял стаў крымінальным гітом ПНР і чаму паручніка Барэвіча называюць «польскім Бондам».
Аўдыё
  • Польскі адказ Джэймсу Бонду: за што гледачы палюбілі серыял «Дакладзі, 07»
   ( ).
Паручнік Славамір Барэвіч (Браніслаў Цесьляк).Крыніца: YouTube/KINEMATOGRAFIA POLSKA/screen

25 лістапада 1976 года на Польскім тэлебачанні адбылася прэм’ера надзвычай папулярнага крымінальнага серыялу «Дакладзі, 07». Рэжысёрам гэтага культавага серыялу з’яўляецца Кшыштаф Шмагер. Ён здымаўся з 1976 па 1987 год. За прыгодамі паручніка міліцыі ПНР Славаміра Барэвіча, ролю якога выканаў Браніслаў Цесьляк (1943-2021 г.г.), сачыла ўся краіна. Яго, дарэчы, называлі польскім Бондам і польскім Коджакам.

«Дакладзі, 07» (07 zgłoś się) – культавы польскі дэтэктыўны серыял, які стаў адным з самых яркіх тэлефеноменаў эпохі ПНР. Праект уключае ў сябе 21 поўнаметражны эпізод, падзелены на пяць сезонаў, а кожная серыя ўяўляе сабой закончаную дэтэктыўную гісторыю. За пяць дзесяцігоддзяў з моманту прэм'еры серыял не страціў сваёй папулярнасці, ператварыўшыся з ідэалагічнай замовы ў несмяротную класіку ўсходнееўрапейскага кіно.

Ідэя стварэння серыяла ўзнікла ў сярэдзіне 1970-х гадоў па ініцыятыве Польскага тэлебачання і Міністэрства ўнутраных спраў ПНР. Галоўнай задачай праекту было «ацяпленне» і акультурванне вобраза Грамадзянскай міліцыі ў вачах грамадства.

Кшыштаф Шмагер вырашыў зняць жорсткі, рэалістычны і дынамічны дэтэктыў, натхнёны заходнімі ўзорамі, напрыклад, амерыканскім «Коджакам». Прэмʼера першай серыі эпізоду адбылася 25 лістапада 1976 года на Першым канале Польскага тэлебачання. Здымкі расцягнуліся больш чым на дзесяцігоддзе, захапіўшы эпоху «спажывецкага сацыялізму» часоў Эдварда Герэка, перыяд прафсаюзу «Салідарнасць», ваеннае становішча і канец сацыялістычнай Польшчы. Дзякуючы гэтаму серыял стаў унікальнай кінахронікай побыту, моды, архітэктуры і нораваў таго часу.

Галоўным магнітам, які прыцягвае гледачоў да экранаў, стаў цэнтральны персанаж – паручнік Славамір Барэвіч, супрацоўнік крымінальнага аддзела Варшаўскага сталічнага ўпраўлення Грамадзянскай міліцыі. «07» у назве – гэта яго радыёпазыўны. На гэтую ролю разглядаліся вядомыя акцёры, але Шмагер зрабіў стаўку на непрафесійнага акцёра, кракаўскага журналіста Браніслава Цесьляка. Гэтае рашэнне аказалася геніяльным: Цесьляк надзяліў свайго героя неверагоднай харызмай, прыроднай натуральнасцю і лёгкай іроніяй.

Браніслаў Цесьляк, 2015 год. PAP/Piotr Polak Браніслаў Цесьляк, 2015 год. PAP/Piotr Polak

Барэвіч ашаламляльна адрозніваўся ад звыклага вобраза ўзорнага міліцыянера часоў ПНР. Паручнік амаль ніколі не насіў формы, аддаючы перавагу джынсам, скураным курткам і твідавым пінжакам. Ён вадзіў культавы аўтамабіль «Паланэз», віртуозна валодаў прыёмамі рукапашнага бою і трапна страляў. Дарэчы, у народзе «Паланэзы» выпуску другой паловы 1970-х гадоў называюць «Барэвічамі».

Пару гадоў таму акцёр згадваў у інтэрв’ю Польскаму радыё, што сам здзіўлены папулярнасцю серыяла, у тым ліку і цяпер.

— Тое, што ён так высакародна састарыўся, мяне здзіўляе. Магчыма, ёсць людзі, якія спрабуюць даведацца праз серыял, якой насамрэч была Польшча ў тыя часы. Колькі каштаваў долар, як выглядалі прастытуткі, якім плацілі ў замежнай валюце? І шмат пытанняў мне задаюць, як мне кіравалася «Паланэзам».

Палац Мастоўскіх - Варшаўскае сталічнае ўпраўленне паліцыі, а ў часы ПНР - Грамадзянскай міліцыі. Тут працаваў галоўны герой серыялу. Крыніца: commons.wikimedia.org/Adrian Grycuk/CC BY-SA 3.0 pl Палац Мастоўскіх - Варшаўскае сталічнае ўпраўленне паліцыі, а ў часы ПНР - Грамадзянскай міліцыі. Тут працаваў галоўны герой серыялу. Крыніца: commons.wikimedia.org/Adrian Grycuk/CC BY-SA 3.0 pl

Паручнік міліцыі – цынічны, востры на мову інтэлігент са складаным мінулым: у серыяле згадваецца яго развод і праца ў Лондане. Ён не баіцца спрачацца з начальствам, часта дзейнічае на грані службовых інструкцый і верыць сваёй інтуіцыі.

Як і належыць «польскаму Бонду», Барэвіч карыстаецца вялізным поспехам у жанчын. Яго рамантычныя прыгоды і дыялогі, поўныя сарказму і флірту, імгненна ішлі ў народ.

Кожная серыя «Дакладзі, 07» доўжыцца каля гадзіны-паўтары і будуецца як паўнавартасны дэтэктыўны фільм. Сцэнары часта абапіраліся на рэальныя крымінальныя справы з архіваў польскай міліцыі.

Барэвічу даводзілася расследаваць самыя розныя злачынствы: ад дзёрзкага рабавання паштовага вагона і крадзяжу антыкварыяту да выкрыцця валютных махінатараў («валютчыкаў»), кантрабандыстаў наркотыкаў, згоншчыкаў самалётаў і жорсткіх серыйных забойцаў.

Славамір Цесьляк таксама прызнаўся, што яму не раз людзі казалі, што пайшлі ў міліцыю альбо паліцыю дзякуючы серыялу.

— Мне і цяпер некаторыя мужчыны кажуць, што, будучы хлопчыкамі, вырашылі стаць міліцынерамі ці паліцэйскімі дзякуючы «Дакладзі, 07».

Для свайго часу серыял быў беспрэцэдэнтна шчырым. На экране паказвалі падпольныя казіно, начныя клубы, прастытуцыю, карупцыю, вулічную жорсткасць і эратычныя сцэны, што рэзка кантраставала з афіцыйнай прапагандай дабрабыту. Некаторыя даследчыкі эпохі ПНР нават здзіўляюцца, што цэнзура прапускала серыі ў эфір.

Вялікім плюсам серыялу з’яўляецца незабыўная музыка. Яго візітнай карткай стала пранізлівая, меланхалічна-трывожная інструментальная тэма кампазітара Уладзімежа Корча – аранжыроўка песні Аліцыі Маеўскай «Przed nocą i mgłą» – з дасканалым сола на саксафоне.

Дыялогі ў серыяле напісаныя жывой, сакавітай мовай, а крылатыя фразы Барэвіча і яго калег увайшлі ў залаты фонд польскай поп-культуры.

У Савецкім Саюзе «Дакладзі, 07» таксама карыстаўся вялікім поспехам. Для савецкага гледача Польшча была «акном у Еўропу», таму серыял глядзелі не толькі дзеля складанай дэтэктыўнай інтрыгі і абаяння Браніслава Цесьляка, але і дзеля атмасферы – заходняй музыкі, моднай вопраткі, кавярняў і адчування большай свабоды.

Сёння «Дакладзі, 07» застаецца ўзорам якаснага жанравага тэлебачання. Нягледзячы на ідэалагічны кантэкст эпохі, у якой ён ствараўся, гісторыя паручніка Барэвіча вытрымала праверку часам і па праве займае месца ў шэрагу лепшых еўрапейскіх крымінальных серыялаў XX стагоддзя.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу