Беларуская Служба

Кракаў - першы польскі горад, які адважыўся павысіць стаўкі за паркоўку ў цэнтры

05.08.2019 14:49
Горад ня расцягваецца як гума, тым больш яго цэнтр, які паўстаў тады, калі ніхто не марыў пра ўласную машыну.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjnePixabay

Канец таннай паркоўкі – паведамляе «Gazeta Wyborcza». Гаворка ідзе пакуль што пра Кракаў, які першым павышае аплату за паркоўку аўтамабіляў у цэнтры гораду. Цана будзе ў два разы большай, чым цяпер – 6 злотых за гадзіну ў зоне А (больш за паўтара долара ЗША), 5 зл. – у зоне В і 4 злотыя ў зоне С. Ранейшыя стаўкі не мяняліся цягам 16 гадоў, калі квіток грамадскага транспарту за гэты час падаражэў амаль удвая. Таму не дзіўна, што стаўкі за стаянку не адпужвалі кіроўцаў.

Палітыкі муніцыпальных органаў вельмі баяцца падымаць цану за паркоўку ў цэнтрах гарадоў, паколькі, на іх думку, гэта значна панізіць папулярнасць іх партыі. Кракаў першы перамог гэтыя боязі. Услед за ім намерваюцца ісці іншыя гарады.

Прадстаўнікі ўладаў заўважылі, што жыхарам усё больш перашкаджаюць забруджанае паветра, шум і адсутнасці месца для паркоўкі, акрамя таго, многія згодны заплаціць больш за стаянку, каб мець упэўненасць, што, прыязджаючы ў цэнтр гораду, яны знойдуць месца для машыны. А іншыя перасядуць у аўтобусы, трамваі, на ровары ці самакаты.

Горад ня расцягваецца як гума, тым больш яго цэнтр, які паўстаў тады, калі ніхто не марыў пра ўласную машыну, – каментуе аўтарка артыкулу. І дадае, што муніцыпальныя ўлады павінны ўвесці больш рэальныя стаўкі за паркоўку ў цэнтры. Дарэчы, у Польшчы па статыстыцы больш аўтамабіляў на тысячу жыхароў (571), чым у іншых краінах Еўропы (505).

нг