Беларуская Служба

Упершыню за 30 гадоў у праекце дзяржбюджэту Польшчы няма дэфіцыту

28.08.2019 14:25
Згодна з праектам дзяржаўнага бюджэту на будучы год, сумарны даход павінен скласці 429,5 млрд. злотых.
Аўдыё
  • Упершыню за 30 гадоў у праекце дзяржбюджэту Польшчы няма дэфіцыту
 .
Прэм'ер М. Маравецкі падстаўляе праект дзярбюджэтуPAP/Radek Pietruszka

Як звычайна пад канец года, у Польшчы ідзе праца над падрыхтоўкай дзяржаўнага бюджэту. Сёлета ўпершыню за апошнія 30 гадоў урад абяцае, што ўдасца прыняць збалансаваны бюджэт, у якім не будзе дэфіцыту.

Згодна з праектам дзяржаўнага бюджэту на будучы год, сумарны даход павінен скласці 429,5 млрд. злотых (109,5 млрд. долараў ЗША). Гэта, канешне ж, не самая важная інфармацыя. Важнейшае, а нават сенсацыйнае паведамленне заключаецца ў тым, што выдаткі дзяржавы складуць дакладна столькі ж – 429,5 млрд. злотых. Адпаведна, дзяржаўны дэфіцыт урад плануе на ўзроўні роўна нуля злотых. Гэта добрая інфармацыя для палякаў, паколькі яна азначае, што ўрад перастане жыць у крэдыт. Бюджэт без дэфіцыту цягам апошніх 30 гадоў быў марай усіх міністраў фінансаў, але ніводнаму ўраду не ўдалося гэтую мару ажыццявіць.

Па словах прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага, гэты праект дзяржаўнага бюджэту «разумны і збалансаваны». Кіраўнік Рады міністраў дадаў, што яго ўрад імкнецца да таго, каб у канчатковай версіі бюджэту выдаткі не перавышалі даходаў.

- Мы цяпер накіроўваем праект у Раду грамадскага дыялогу. Праект павінен прайсці ўвесь шлях грамадскіх кансультацый. Аднак мы імкнемся да таго, каб парламент атрымаў на разгляд бюджэт у такім жа выглядзе, без дэфіцыту. Як вы бачыце, выдаткі і даходы дзяржавы складаюць дакладна столькі ж. Гэта вельмі разумны праект, збалансаваны.

Прэм’ер-міністр дадаў, што такі бюджэт магчымы дзякуючы жорсткай палітыцы дзяржавы ў адносінах да падатковых махінатараў, якія абкрадалі дзяржаву на мільярды долараў. Паралельна, па словах М. Маравецкага, вырастуць выдаткі дзяржавы на розныя сацыяльныя праекты, важныя для жыхароў Польшчы – між іншым, службу аховы здароўя. У будучым годзе ўзровень прызначаных на гэтую мэту сродкаў павінен перавысіць 5% ВУП.

- Гэта служба аховы здароўя, на якую мы абяцалі павысіць выдаткі да 6% ВУП. Ужо ў гэтым годзе мы дасягнулі мэту – дайшлі да 5%, у будучым годзе выдаткі павінны вырасці да 5,03%. І такі ўзровень мы захаваем, а нават яго перавысім. Згодна заявам міністра, гэта будзе 5,06%.

Нягледзячы на прыгожы бюджэт без дэфіцыту, які павінен захапляць кожнага, апазіцыя яго крытыкуе. Палітыкі апазіцыйных груповак нагадваюць, што гэта перадвыбарчы папулісцкі праект, магчымы дзякуючы таму, што ўрад плануе ліквідаваць Адкрытыя пенсійныя фонды, у якія палякі плацілі ўзносы гадамі. Сабраныя сродкі будуць перанесеныя на індывідуальныя пенсійныя рахункі, але гэтая працэдура будзе звязана з аплатаю, якая дасць даход у бюджэт на ўзроўні 20 млрд. цягам двух гадоў. Акрамя таго, апаненты кіруючай партыі выказваюць боязі, што будуць замарожаныя зарплаты бюджэтнікаў – між іншым супрацоўнікаў дзяржадмністрацыі, культурнай сферы, судовай сістэмы ці настаўнікаў.

Віцэ-старшыня Сэйму Малгажата Кідава-Блоньска з апазіцыйнай Грамадзянскай платформы заявіла ў эфіры Польскага радыё, што яна не верыць у магчымасць захавання сацыяльных праграм пры нулявым дэфіцыце. Меркаваннем старшыні, абяцанне бюджэту без дэфіцыту звязана з перадвыбарчай кампаніяй.

- Цудоўнае абяцанне. Пабачым, якім будзе бюджэт. Кожны міністр фінансаў хацеў бы прыняць такі бюджэт, але пажывем-пабачым. Як звычайна здараецца – выбарчыя абяцанні – гэта адно, а пазнейшы бюджэт – зусім іншае. Раней урад «Права і справядлівасці» паабяцаў увесці розныя сацыяльныя праекты – між іншым трынаццатую пенсія ды іншае, што будзе каштаваць каля 40 млрд. злотых у год. Неабходна пачакаць, якім будзе бюджэт. Вядома, што эканамічная сітуацыя можа мяняцца, таму неабходна быць падрыхтаваным да розных сцэнароў.

Збалансаваны бюджэт, які абяцае прыняць польскі ўрад, гэта канешне ж, вельмі добра. Існуе рэальная магчымасць, што ўдасца падрыхтаваць праект дзяржаўнага бюджэту, у якім не будзе закладзены дэфіцыт. Эканамічная кан’юнктура ў Польшчы вельмі добрая, розныя сацыяльныя праграмы ды практычная адсутнасць беспрацоўя дазволілі многім жыхарам краіны значна павялічыць сямейныя выдаткі, што, адпаведна, павялічыла таксама даходы дзяржавы, між іншым, з падатку на дададзеную вартасць. Аднак некаторыя асцярожныя эканамісты звяртаюць увагу на тое, што ў выпадку пагаршэння эканамічнай сітуацыі значна цяжэй будзе звярнуць багатыя сацыяльныя праграмы, чым іх увесці. А з розных куткоў свету даходзяць трывожныя весткі аб магчымай рэцэсіі. Пакуль што Польшчы гэта не датычыць.

ІАР ПР/нг