Беларуская Служба

Жахлівая ноч у Кіеве. Расіяне здзейснілі масіраваную паветраную атаку на горад

24.05.2026 08:26
У сувязі з расійскай атакай на Украіну, Польшча падняла ў паветра ваенную авіяцыю.
       .
Ратавальнікі і медыкі працуюць на месцах варожых удараў. Фота Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях Кіева/УНІАН

Ноччу на 24 мая расіяне здзейснілі масіраваную атаку на ўкраінскую сталіцу.

— Гэта была жудасная ноч для Кіева... Зараз ратавальнікі тушаць пажары, расчышчаюць завалы. Медыкі аказваюць дапамогу пацярпелым», — сказаў мэр Кіева Віталь Клічко.

Ён паведаміў, што расіяне атакавалі Кіеў некалькімі сотнямі ракет і беспілотнікаў. І дадаў, што ратавальнікі працуюць у 47 месцах сталіцы, дзе паведамлялася пра наступствы нападу.

— Гэта была камбінаваная атака — балістыка, крылатыя ракеты і беспілотнікі ўдарылі па розных раёнах нашага горада. На дадзены момант ёсць 47 лакацый, дзе паведамлялася пра наступствы нападу. Пакуль што вядома пра аднаго загінуўшага. Больш за 20 чалавек шпіталізаваныя. На жаль, сярод параненых ёсць дзеці.

Пазней стала вядома, што загінулі дзве асобы, а 44 атрымалі раненні. У кожным месцы, куды патрапіла расійская ракета або БПЛА, ствараюцца крызісныя цэнтры. Пасля дзясяткаў пажараў над Кіевам уздымаюцца хмары чорнага дыму.

У сувязі з актыўнасцю расійскіх авіяцыйных сіл, якія наносілі ўдары па тэрыторыі Украіны, была паднятая ў паветра польская ваенная авіяцыя, аб чым паведаміла Аператыўнае камандаванне Узброеных сіл Польшчы. Таксама наземныя сістэмы супрацьпаветранай абароны і радыёлакацыйнай разведкі былі прыведзеныя ў стан гатоўнасці.

Камандаванне падкрэслівае, што гэтыя дзеянні носяць прафілактычны характар ​​і накіраваны на забеспячэнне бяспекі і абарону паветранай прасторы.

IAR/UNIAN/нг