Прэм’ер-міністр ляціць у Швецыю размаўляць пра вялікія інвестыцыі 5G (пятага пакалення) – пад такім загалоўкам Rzeczpospolita апісвае планы шведскага канцэрна Ericsson, аднаго з сусветных гігантаў рынку тэлесувязі. Матэвуш Маравецкі ў чацвер адпраўляецца ў Стакгольм на сустрэчу з віцэ-старшынёй канцэрну Арунам Бансалем (Arun Bansal).
Шведы вядуць барацьбу з кітайскім канцэрнам Huawei за пазіцыю на рынку сотавай тэхнікі гэтак званага пятага пакалення. Згодна інфармацыі, якую атрымала выданне, Эрыксан вырашыў перанесці значную частку вытворчасці кампанентаў да сеткі 5G у Польшчу. Менавіта гэтаму пытанню прысвечаныя перамовы ў Стакгольме. Падрабязнасці пакуль невядомыя, магчыма, што гаворка ідзе пра завод у Тчэве на поўначы Польшчы.
Рашэнне шведаў прадыктавана геапалітычным становішчам, перш за ўсё напружаннем адносін паміж ЗША і Кітаем, якое аказвае ўплыў на рашэнні краін, зьвязаных у эканамічным і палітычным плане з ЗША. На думку адміністрацыі амерыканскага прэзідэнта (дарэчы, Д. Трамп прыбудзе ў Польшчу ў бліжэйшыя дні), пракладка сеткі 5G кітайскімі фірмамі з’яўляецца рызыкоўнай для іншых дзяржаў. Справа ў тым, што сеткі 5G будуць аказваць значна большы ўплыў на эканоміку, чым звычайная сетка сотавай сувязі.
Каментатар выдання піша, што канфлікт паміж Кітаем і ЗША за гандаль і вядучую пазіцыю на рынку тэхналогіі можа быць небяспечны для сусветнай эканомікі, але Польшчы ён, магчыма, прынясе карысць. Дзяржава можа стаць у Еўропе цэнтрам вытворчасці тэхналогіі, што можна параўнаць з сітуацыяй у 19-ым стагоддзі, калі паявілася электраэнергія.
нг