Беларуская Служба

На поўдні Польшчы пачаўся XXIX Эканамічны форум

03.09.2019 14:23
Гэта не самая маштабная эканамічная падзея ў краіне, але самая важная, паколькі на форуме прысутнічае шмат асоб, якія прымаюць ключавыя рашэнні.
Аўдыё
  • На поўдні Польшчы пачаўся XXIX Эканамічны форум
   XXIX
У Крыніцы пачаўся XXIX Эканамічны форумPAP/Grzegorz Momot

Як штогод на пачатку верасня, у мясцовасці Крыніца Здруй на поўдні Польшчы праходзіць Эканамічны форум. Сёлета сустрэча людзей бізнесу, палітыкі, навукі і сродкаў масавай інфармацыі адбываецца ўжо 29-ты раз.

У рамках Эканамічнага форуму запланавана прыкладна 350 панэльных дыскусій. Гэта не самая маштабная эканамічная падзея ў краіне, але самая важная, паколькі на форуме прысутнічае шмат асоб, якія прымаюць ключавыя рашэнні ў дзяржаве – прадстаўнікоў ураду і міністэрстваў. Як правіла на форум прыязджаюць усе міністры, адказныя за эканамічныя пытанні, а таксама кіруючыя асобы з іншых ведамстваў, між іншым, міністэрства аховы здароўя. Акрамя польскіх палітыкаў, людзей бізнесу і навукі, арганізатары мерапрыемства запрашаюць таксама высокапастаўленых замежных гасцей, у мінулым годзе ў Крыніцы прысутнічала 7 прэм’ер-міністраў, 15 старшынь парламентаў, 72 міністры і віцэ-міністры.

Гаспадары сустрэчы і запрошаныя замежныя госці абмяркоўваюць падчас шматлікіх панэльных дыскусій напрамкі развіцця польскай і еўрапейскай эканомікі. Сёлета лозунг імпрэзы гучыць наступным чынам «Еўропа заўтрашняга дня. Моцная. Гэта значыць, якая?». Па словах ініцыятара Эканамічнага форуму Зыгмунта Бэрдыхоўскага, акрамя міжнароднай палітыкі, важнымі тэмамі для абмеркавання будуць унутраная польская палітыка, бяспека ў галіне інфарматыўнай тэхналогіі ды ахова здароўя.

- У першую чарговасць будзем абмяркоўваць праблему кібэрбяспекі, самую надзённую праблему нашых часоў, пра якую ўсе размаўляюць. Акрамя таго, важнай тэматыкай, прысутнай на форуме, з’яўляюцца выбары дэпутатаў польскага парламенту. Выбары пройдуць неўзабаве, да іх засталося менш за два месяцы. Наступная тэма – пытанні аховы здароўя, якім чынам палепшыць сістэму службы аховы здароўя. Дарэчы, дадзеная тэматыка паяўляецца на кожным форуме.

У крыніцкім форуме прыме ўдзел звыш чатырох тысяч гасцей, якія прадстаўляюць самыя розныя галіны дзейнасці. Ужо ў сярэдзіне жніўня сярод удзельнікаў было зарэгістравана 11 польскіх міністраў і 10 замежных. Акрамя таго, вельмі шмат намеснікаў міністраў з Польшчы ды ўсёй Еўропы. Калі прыязджаюць запрошаныя прэм’ер-міністры з іншых краін, абавязкова павінен прысутнічаць таксама польскі кіраўнік Рады міністраў. Таму Матэвуш Маравецкі без сумнення паявіцца на форуме. Дарэчы, падчас мерапрыемства яго ўдзельнікі выбіраюць Чалавека году. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, сёлета Чалавекам года стане менавіта польскі прэм’ер-міністр.

Прыкладна палова ўдзельнікаў форуму – гэта замежныя госці, – падкрэслівае Зыгмунт Бэрдыхоўскі.

- Сярод гэтых чатырох тысяч гасцей каля двух тысяч – гэта асобы, якія прыязджаюць да нас з замежжа. Гэтыя людзі прадстаўляюць розныя галіны дзейнасці, як палітычнай, так і грамадскай. Яны – як прадстаўнікі палітычнага жыцця ў шырокім значэнні гэтага слова, у тым ліку прадстаўнікі ўрадаў, так і асобы, якія прадстаўляюць сродкі масавай інфармацыі, арганізацыі трэцяга сектара, навуковыя, аналітычныя і даследчыя ўстановы.

Як звычайна, так і ў гэтым годзе, у рамках Эканамічнага форуму адбудзецца Паланійны эканамічны форум. Сустрэчу прадстаўнікоў асяроддзяў палякаў замежжа ладзяць Фундацыя Інстытут усходніх даследаванняў і Сенат (вышэйшая палата парламенту) Польшчы. Лозунгам першай сустрэчы ў рамках форуму з’яўляецца сказ «Добра быць палякам», пад якім падразумяваецца таксама тое, што палякі на ўсім свеце павінны клапаціцца пра добрае імя сваёй першай Айчыны, Польшчы, дбаць пра тое, каб Польшча на свеце ўспрымалася ўсё лепш, каб яе імідж паляпшаўся.

Паланійны форум падзелены на некалькі панэльных дыскусій. Падчас адной з іх будзе абмяркоўвацца тэма рэпатрыяцыі – вяртання на Айчыну палякаў з-за мяжы. Па словах спікера Сенату Станіслава Карчэўскага, гэта балючая тэма, паколькі за шмат гадоў не ўдалося наладзіць эфектыўную сістэму вяртання ў Польшчу тых асоб, якія з’яўляюцца нашчадкамі палякаў, вывезеных калісьці сілаю на ўсход.

- Мы будуем і хочам далей выбудоўваць шмат мастоў, якія спалучаюць нас з палякамі замежжа. Мы спадзяемся, што дзякуючы гэтым сувязям усё больш палякаў, якія жывуць у іншых краінах, захоча прыехаць у Польшчу або з ёй супрацоўнічаць.

Старшыня Карчэўскі мяркуе, што польскі ўрад робіць усё магчымае, каб асобы польскага паходжання маглі ажыццявіць свае мары і вярнуцца ў Польшчу. Гэтая тэматыка закранаецца падчас Паланійнага эканамічнага форуму ў Крыніцы.

ІАР ПР/нг