Беларуская Служба

У Польшчы дзяржава збіраецца дапамагаць ўсталёўваць сонечныя батарэі на дахах шматкватэрных дамоў

06.11.2019 14:34
Тэхналогія атрымання электраэнергіі з сонца значна патаннела цягам апошніх гадоў.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock.com/Diyana Dimitrova

Нацыянальны фонд аховы асяроддзя намераны прасоўваць сонечныя батарэі, каб жыллёвыя кааператывы ўсталёўвалі іх на дахах шматкватэрных дамоў у Польшчы. Імпульсам стала падзенне коштаў дадзенай тэхналогіі, а таксама папулярнасць урадавай праграмы «Мой ток», у рамках якой уладальнікі аднасямейных дамоў могуць атрымаць даплату да фотавальтаікі – паведамляе Gazeta Wyborcza (Gabriela Łazarczuk).

Аўтар артыкулу параўноўвае сітуацыю ў Польшчы ды Германіі, дзе электрычнасць з аднаўляльных крыніц – гэта ўжо каля 35% усёй электраэнергіі на рынку. Да такога стану Польшчы яшчэ вельмі далёка, пакуль што моц сонечных батарэй ацэньваецца ў адзін гігаВат, у Германіі такі ўзровень дасягнулі 15 гадоў таму. Тым не менш, тэхналогія атрымання электраэнергіі з сонца значна патаннела цягам апошніх гадоў, усё больш людзей карыстаецца фінансавай падтрымкай дзяржавы, каб пакрыць дах свайго дому сонечнымі батарэямі, тое ж самае павінны рабіць і жыллёвыя кааператывы, якія маюць для выкарыстання вялікую паверхню дахаў шматкватэрных дамоў.

Па словах дырэктара Нацыянальнага фонду аховы асяроддзя Пятра Возьнага, на пачатак фонд запрапануе кааператывам праграму танных пазык на фінансаванне сонечных батарэй, энергія з якіх паступала б на абслугоўванне электрычных прылад у агульнай для ўсіх жыхароў прасторы будынку – гэта значыць, на працу ліфтаў ці асвятленне лесвічных клетак. Дзякуючы гэтаму не прыйшлося б ужо плаціць энергетычнай кампаніі за электрычнасць, а раты за пазыку з фонду можна было б так раскласці, каб не павышаць квартплату.

нг