Беларуская Служба

Беларускі эканаміст: трэба на 15% зменшыць зарплаты дзяржчыноўнікаў

29.04.2020 14:30
Беларусь не ўвяла жорсткіх мераў ізаляцыі, але эканоміка і так пакутуе ад эпідэміі.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Photo: geralt /pixabay.com/CC0 Public Domain

Беларусь – гэта адзіная краіна ў Еўропе, улады якой поўнасцю ігнаруюць пандэмію каранавіруса – піша Rzeczpospolita. Лукашэнка кажа, што ў Беларусі ніхто ад COVID-19 не памёр, а тыя, для каго не хапае ўжо месцаў у бальніцах, хварэюць на грып.

У Беларусі працуюць школы, базары, цэнтры паслуг, аэрапорты, вну, адбываюцца спартыўныя падзеі. У мінулую суботу прайшоў суботнік, а перад намі майскія святы, дэманстрацыі і народныя гулянні.

У якім стане на самой справе беларуская эканоміка? Афіцыйна беларускі валавы ўнутраны прадукт у першым квартале года зменшыўся на 0,3%. Незалежны эканаміст Леанід Заіка звяртае ўвагу на тое, што беларуская эканоміка сама па сабе слабая, яна моцна залежыць ад вонкавых фактараў, не толькі ад расійскай сыравіны, таксама ад экспарту ў Еўрасаюз ды Расію. Продаж нафтапрадуктаў – гэта для Беларусі вялікая крыніца валютных паступленняў. А паколькі эканоміка Еўропа замерла, то і беларуская эканоміка рэзка пайшла на спад. Бізнес ужо месяц звяртаецца з заклікамі да ўладаў, каб тыя прынялі меры па ратаванні эканомікі. На мінулым тыдні Лукашэнка падпісаў дэкрэт аб падтрымцы суб’ектаў гаспадарання.

Праўда, не ўсе прадпрыемствы могуць разлічваць на дапамогу, а нават калі яны і змогуць адкласці выплату падаткаў, то і так ім прыйдзецца да канца года выплаціць усе пратэрмінаваныя падаткі. Па словах Заікі, патрэбны не перанос на пазнейшы перыяд выплаты падаткаў, а іх адмена. Ён таксама мяркуе, што неабходна на 15% зменшыць зарплаты дзяржаўных чыноўнікаў, а грошы накіраваць на дапамогу пенсіянерам і беспрацоўным.

нг