У Польшчы змяншаецца лічба замежных студэнтаў, якія вучацца ў айчынных ВНУ, паведамляе газета Rzeczpospolita. Асноўную прычыну прадстаўнікі навучальных устаноў бачаць у больш жорсткіх візавых правілах, уведзеных Варшавай.
2025/26 навучальны год стаў першым цягам 10 гадоў, калі колькасць замежнікаў у ВНУ Польшчы зменшылася. У 2024/25 годзе ў Польшчы вучылася 108 тыс. 600 замежных студэнтаў — гэта 8,5% ад агульнай колькасці студэнтаў. Сёлета — 102 тыс. маладзёнаў — гэта 6,5% ад агульнай колькасці. Канферэнцыя рэктараў польскіх вышэйшых школ зазначыла, што ўзмацненне візавых працэдур, уведзенае ў 2025 годзе, разам з больш строгімі правіламі набору замежных студэнтаў, можа зрабіць навучанне ў Польшчы менш даступным для замежнікаў, аслабляючы міжнародны статус польскіх універсітэтаў.
Польшча адстае ад краін нашага рэгіёну, калі казаць пра працэнт замежных студэнтаў у айчынных ВНУ. Так, у Чэхіі гэтая лічба складае 16,6% ад агульнай колькасці студэнтаў, у Венгрыя — 14,4%. Узмацненне візавых працэдур было ўведзенае Варшавай у сувязі з тым, што былі шматлікія выпадкі выкарыстання студэнцкіх віз для легалізацыі знаходжання замежнікаў, якія не планавалі вучыцца ў Польшчы. Але, як зазначаюць прадстаўнікі ВНУ, з-за ўвядзення больш жорсткіх правілаў выдачы віз трацяць прэстыжныя вышэйшыя школы, якія прывабліваюць замежных студэнтаў узроўнем навучання.
З-за цяжкасцей, звязаных з працэсам падачы заявак у польскіх універсітэтах, многія замежныя кандыдаты выбіраюць навучанне ў іншых краінах, у тым ліку ў нашым рэгіёне Еўропы.
Іншаземцы ў польскіх ВНУ — гэта не толькі прэстыж, але і жывыя грошы. Замежнік, які вучыцца ў Польшчы, штогод траціць ад 35 тыс. да 75 тыс. злотых (ад 8 тыс. 300 да 17 тыс. 500 еўра). Паводле падлікаў, у рэкордным 2024/25 годзе больш за 108 тыс. замежных студэнтаў агулам выдаткавалі 6 млрд 800 млн злотых (1 млрд 588 млн еўра), у тым ліку на аплату навучання 1 млрд 500 млн злотых (350 млн еўра).
Іншы негатыўны бок існуючай тэндэнцыі — адмоўныя вынікі для рынку працы. Прыкладна 20% замежнікаў пасля заканчэння вучобы застаюцца і ўладкоўваюцца на працу ў Польшчы, прычым у вялікай ступені гэта датычыць дэфіцытных прафесій, у прыватнасці, з галіны аховы здароўя і ІТ, паведамляе газета Rzeczpospolita.
вс