Беларуская Служба

Прафсаюзы і працадаўцы распрацоўваюць правілы дыстанцыйнай працы

30.09.2020 11:02
Польскі ўрад хоча, каб новыя правілы ўступілі ў сілу ў першым квартале 2021 года.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: rawpixel/pixabay.com/CC0 Public Domain

Цягам двух бліжэйшых тыдняў прафсаюзы і працадаўцы павінны прадставіць прапановы па справе ўключэння дыстанцыйнай працы ў Працоўны кодэкс. Урад хоча, каб новыя правілы ўступілі ў сілу ў першым квартале 2021 года, - чытаем у выданні Dziennik Gazeta Prawna.

Мінімальная сума аднаразовых выплат, праблемы з забеспячэннем аховы працы і бяспекі, ці захаванне асобных палажэнняў аб тэлепрацы - гэта прыклады тэмаў, якія сацыяльныя партнёры ўзнялі падчас учорашняга пасяджэння групы па справах працы Рады па сацыяльным дыялогу.

Урад, прафсаюзы і працадаўцы пачалі перамовы аб ажыццяўленні правілаў дыстанцыйнай працы. Аснова – гэта рабочы праект, падрыхтаваны Міністэрствам па справах сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі.

Паводле намесніка міністра Станіслава Швэда, калі прадстаўленыя ў ім напрамкі зменаў будуць ухвалены сацыяльнымі партнёрамі, то прапановы  атрымаюць афіцыйны дзяржаўны характар.

„Шмат сведчыць пра тое, што першы квартал наступнага года з'яўляецца аптымальным тэрмінам для ўступлення ў сілу такіх змен”, - заявіў у размове з выданнем Dziennik Gazeta Prawna намеснік міністрa па справах сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі Станіслаў Швэд.

аз