Беларуская Служба

2021 год можа стаць рэкордным для польскіх вытворцаў яхтаў

17.08.2021 19:31
Яхтавая прамысловасць – адна з галінаў у Польшчы, якім пандэмія каранавіруса не пашкодзіла.
яхтаPexels/pixabay.com/CC0 Public Domain

2021 год можа стаць рэкордным для польскіх вытворцаў яхтаў. Рост заказаў можа скласці нават 30%, паведаміў генеральны сакратар Польскай палаты яхтавай прамысловасці і водных відаў спорту Міхал Бонк(Michał Bąk). Ён дадаў, што ў многіх выпадках менавіта пандэмія дапамагала кліентам канчаткова прыняць рашэнне аб куплі яхты, паколькі хутка высветлілася, што ў часе пандэміі плаванне яхтай або маторнай лодкай – адна з самых бяспечных формаў адпачынку.

Рост зацікаўлення пачаў назірацца з траўня. Частка кліентаў, прагназуючы, што пандэмія працягнецца даўжэй, вырашыла падпісаць кантракты на куплю з пастаўкай на 2021 год. Гэтая сітуацыя тычыцца не толькі Польшчы.
На рост зацікаўлення яхтамі паўплывала таксама эканамічная сітуацыя ў краіне, у прыватнасці нізкія працэнтныя стаўкі і рост інфляцыі пераканалі кліентаў, што не аплочваецца захоўваць фінансавых сродкаў на банкаўскіх рахунках або дэпазітах. Яны зразумелі, што купля яхты можа прынесці большы прыбытак, нават калі яна не прызначана для арэнды.

Эксперты звяртаюць увагу, што яхты прапанаваныя на другасным рынку, трымаюць досыць высокую цану, а нават яны злёгку падаражэлі ў часе пандэміі з-за росту попыту.

Паводле справаздачы Polboat, якая падсумоўвае 2020 год і прэзентуе прагнозы на 2021 год, амаль 60% польскі кампаніі, якія займаюцца вытворчасцю яхтаў, спадзяюцца павялічыць занятасць.

PAP/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі