Беларуская Служба

У будучым годзе польскія ўлады плануюць рэкордныя выдаткі на сельскую гаспадарку

31.08.2021 07:32
Фінансаванне з дзяржаўнага бюджэту і сродкаў ЕС павінна скласці больш за 12,5 мільярда еўра.
        .
Міністр сельскай гаспадаркі і развіцця сельскіх рэгіёнаў Гжэгаж Пуда.PAP/Marcin Bielecki

Міністр сельскай гаспадаркі і развіцця сельскіх рэгіёнаў Гжэгаж Пуда (Grzegorz Puda) заявіў, што ў наступным годзе ўрад плануе рэкордныя выдаткі на сельскую гаспадарку, рыбалоўства і развіццё вёскі.
Фінансаванне з дзяржаўнага бюджэту і сродкаў ЕС павінна скласці больш за 57 мільярдаў злотых (12,5 мільярда еўра). Сярод іншага, павялічацца датацыі да страхавання ўраджаю і жывёлы, а таксама датацыі да паліва для фермераў. Дзяржава таксама будзе плаціць дадатковую кампенсацыю страт ад продажу жывёл, пагашэння крэдытаў або барацьбы з інфекцыйнымі хваробамі жывёл:

-Мы хочам, каб польскія фермерскія гаспадаркі маглі карыстацца ўсімі неабходнымі і сучаснымі машынамі. Таму пры любой нагодзе мы заахвочваем польскіх фермераў адкрыта ставіцца да новых тэхналогій. Мы хочам таксама заахвоціць маладых людзей інвеставаць у польскую вёску.

Таксама прэм'ер Матэвуш Маравецкі пааб’яцаў, што яшчэ сёлета ўрад прыме ўніверсальную праграму страхавання ад стыхійных бедстваў для фермераў. Ён таксама паведаміў аб запланаваным павелічэнні фінансавання развіцця былых дзяржаўных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у Польшчы.

Паводле кіраўніка польскага ўраду, рэгіёны, дзе ў часы ПНР дзейнічалі дзяржаўныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы сёлета атрымаюць каля 1 мільярда злотых( больш за 219 мільёнаў еўра), а ў наступным – не менш за 1,5 мільярда злотых (329 мільёнаў еўра):

-Гэтая праграма будзе працягвацца таксама сёлета з бюджэтам мільярда злотых. Гэтага заслугоўвае польская вёска.Трэба імкнуцца зраўнаць умовы жыцця паміж вёскай і горадам.

Матэвуш Маравецкі дадаў, што гэта ў 10 разоў больш, чым першапачатковы бюджэт праграмы, які складаў 250 мільёнаў злотых (амаль 55 мільёнаў еўра). У рамках праграмы дафінансаваннем скарысталіся 594 інвестыцыі ў рэгіёнах, дзе калісьці дзейнічалі саўгасы.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі