Беларуская Служба

Еўрапейская камісія бездапаможная перад Nordstream 2

23.09.2021 13:36
«У нас няма сіл яго спыніць», заяўляюць чыноўнікі з Бруселю.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneMartynova Anna/Shutterstock

Больш пра сітуацыю піша партал «Energetyka24.pl».

«Паўночны паток -2» ужо атрымаў усе неабходныя дазволы на будаўніцтва ад адпаведных краін. Еўрапейская камісія не мае паўнамоцтваў спыніць гэты праект, паведаміла прэсавая служба ўстановы ў адказ на запыт еўрадэпутата Ганны Фатыгі з партыі «Права і справядлівасць».

У лісце да Еўрапейскай камісіі Фатыга пацікавілася, якія дзеянні гэтая ўстанова мае намер зрабіць, каб гарантаваць, што NS2 будзе адпавядаць патрабаванням трэцяга энергетычнага пакета ЕС, у тым ліку працэдуры сертыфікацыі Федэральнага сеткавага агенцтва Германіі (BNetzA). Дэпутат таксама пацікавілася, як Еўрапейская камісія падтрымлівае заклікі дзяржаў членаў ЕС, Еўрапейскага парламента і стратэгічных партнёраў Саюза спыніць супярэчлівы газаправод.

У адказе, які падрыхтавала еўракамісар па энергетыцы Кадры Сімсан, гаворыцца, што Камісія неаднаразова заяўляла, што праект «Паўночны паток -2» не патрэбны з ​​пункту гледжання бяспекі паставак і дыверсіфікацыі крыніц энергіі ў ЕС.

Мэтай Камісіі заўсёды было гарантаваць, каб газаправод «Паўночны паток -2» – калі ён пабудаваны – працаваў празрыста і недыскрымінацыйна ў адпаведнасці з заканадаўствам ЕС, – падкрэсліла эстонская камісар.

Еўракамісія нагадала, што ў справе сертыфікацыі, усе праекты рашэнняў кантралюючых органаў дзяржаў-чальцоў ЕС аб сертыфікацыі аператара сістэмы перадачы газу павінны быць прадстаўлены Камісіі для заключэння.
Праект рашэння аб сертыфікацыі газаправода »Паўночны паток -2« пакуль не перададзены на разгляд Камісіі, – напісала чыноўніца.

У сваю чаргу кіраўнік «Газпрома» Аляксей Мілер заявіў, што пастаўкі газу праз «Паўночны паток-2» не пачнуцца з 1 кастрычніка, як прагназавалі СМІ. Гэта звязана з тым, што Расія па-ранейшаму атрымлівае дазволы ад нямецкага рэгулятара.

Кіраўнік расійскага МЗС Сяргей Лаўроў заявіў, што ў выпадку з «Паўночным патокам -2» «працэс атрымання неабходных дазволаў ад нямецкага рэгулятара працягваецца». Працэс не хуткі; дазволы можна атрымаць у пачатку 2022 года, – растлумачыў міністр.

«Паўночны паток -2» – двайны трубаправод з Расіі ў Германію праз Балтыйскае мора – павінен штогод транспартаваць 55 мільярдаў кубаметраў прыроднага газу. Супраць будаўніцтва газаправода выступаюць Польшча, Украіна, краіны Балтыі і ЗША. Крытыкі «Паўночнага патоку -2» сцвярджаюць, што праект павялічыць залежнасць Еўропы ад расійскага газу і пашырыць уплыў Крамля на еўрапейскую палітыку.

У ліпені ўлады ЗША і Германіі ў сумеснай заяве абвясцілі аб пагадненні пра газаправод «Паўночны паток 2». У рамках пагаднення ЗША прыпыняюць санкцыі ў дачыненні да газаправода, а Германія будзе інвеставаць ва ўкраінскія праекты і ўвядзе санкцыі ў выпадку варожых дзеянняў з боку Расіі.