Беларуская Служба

«Новыя магчымасці« – лозунг «Кангрэса 590», які завяршаецца ў Варшаве

06.10.2021 18:21
«Кангрэс 590» праводзіцца для таго, каб прадстаўнікі бізнесу, эксперты і палітыкі змаглі абмяняцца вопытам і ведамі, а таксама прынялі ўдзел у сустрэчах, важных для развіцця польскага бізнесу. 
Аўдыё
  • «Новыя магчымасці« – лозунг «Кангрэса 590», які завяршаецца ў Варшаве
Debata o CPK podczas Kongresu 590.
Debata o CPK podczas Kongresu 590. twitter/Kongres590

«Новыя магчымасці« – гэта лозунг «Кангрэса 590», які завяршаецца ў Варшаве. Падчас двухдзённага мерапрыемства прайшло некалькі дзясяткаў дэбатаў з удзелам прадстаўнікоў урада, бізнесу, навукі і палітыкі, прысвечаных галоўным чынам эканамічным тэмам.
На пачатку – пра назву мерапрыемства: чаму яно называецца «Кангрэс 590»? Гэта звязана са штрых-кодам, якім абазначаюцца тавары, вырабленыя ў Польшчы, альбо якія распаўсюджваюцца кампаніямі, зарэгістраванымі ў Польшчы.

На кангрэсе выступілі прэзідэнты Польшчы і Аўстрыі Анджэй Дуда і Аляксандр Ван дэр Бэл.
Падчас выступлення Анджэй Дуда нагадаў, што Аўстрыя – адзін з важнейшых гандлёва-эканамічных партнёраў Польшчы. Паводле кіраўніка Польшчы, нягледзячы на пандэмію эканомікі Польшчы і Аўстрыі прадэманстравалі ўстойлівасць у складаны час.

- Нельга не заўважыць росту актыўнасці аўстрыйскіх фірм у Польшчы. Я таксама разлічваю на большую актыўнасць польскіх кампаній у Аўстрыі. Мне хацелася б, каб нашае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва пастаянна расло. Я перакананы, што для гэтага ў нашых краін ёсць патэнцыял.

Галоўнай тэмай першага дня кангрэсу стаў польска-аўстрыйскі эканамічны форум, прысвечаны, перш за ўсё, зялёным тэхналогіях.

Пасол Вялікабрытаніі ў Польшчы Анна Клунс, гаворачы пра трансфармацыю ў галіне энергетыкі, прывяла прыклад сваёй краіны.

- У гэтай галіне ў Вялікабрытаніі шмат досведу. У 1990 гады ў нас 70% электраэнергіі выраблялася ў выніку спальвання вугалю, сёння – менш чым 3%. Мы верым у тое, што Польшча пройдзе падобную трансфармацыю значна хутчэй. Мы разумеем, што для вас – гэта вялікі выклік, але напрамак правільны.

Структура «Кангрэсу 590» складалася з сямі тэматычных частак. Яны датычылі, у прыватнасці, лічбавых тэхналогій, адміністрацыі дзяржаўных паслуг, сістэмы аховы здароўя, дэмаграфіі, рынку працы і недахопу кадраў у некаторых галінах, а таксама фарміравання станоўчага вобразу Польшчы ў свеце.

У сваю чаргу старшыня польскага дзяржаўнага гіганта, гоназдабываючага канцэрну KGHM, які спецыялізуецца ў здабычы серабра і медзі, сказаў, што яго кампанія пачне выпускаць інвестыцыйныя сярэбраныя зліткі. Марцін Хлудзіньскі мяркуе, што гэтага чакае рынак і кліенты, якія шукаюць новыя магчымасці для інвеставання.

- Кожны паляк зможа купіць польскае серабро ў якасці інвестыцыйнага інструменту. Цяпер людзі шукаюць новых шляхоў інвеставання, і сярэбраныя зліткі могуць быць добрай прыладай.

На кангрэсе не толькі размаўлялі пра надзённыя пытанні: на мерапрыемстве кампаніі, якія сумленна плацяць падаткі ў Польшчы, атрымалі ўзнагароды ад міністра фінансаў, фондаў і рэгіянальнай палітыкі Тадэвуша Касціньскага. Чыноўнік зазначыў, што дзякуючы такім кампаніям ёсць фінансавыя сродкі на рэалізацыю многіх дзяржаўных праграм.

- Я хачу ўзнагародзіць фірмы, якія сумленна плацяць падаткі і не выкарыстоўваюць крэатыўнага ўліку. Дзякуючы падаткам наша краіна мяняецца, а ўрад можа рэалізаваць шматлікія прасямейныя і праграмадскія праекты.

Сярод груп кампаній найбольшы падатак ад прыбытку ў мінулым годзе заплацілі дзяржаўныя фірмы Польскі нафтагазавы канцэрн, банк PKO BP і Польская энергетычная група. Сярод кампаній – ING Bank Śląski, банк Pekao SA i Santander Bank Polska.

«Кангрэс 590» праводзіцца для таго, каб прадстаўнікі бізнесу, эксперты і палітыкі змаглі абмяняцца вопытам і ведамі, а таксама прынялі ўдзел у сустрэчах, важных для развіцця польскага бізнесу. Паводле аглядальнікаў, любыя мерапрыемствы, якія стымулююць развіццё польскай эканомікі, заслугоўваюць увагі, паколькі эканамічны патрыятызм, падтрымка айчынных тавараў і прадпрыемстваў мае значэнне для развіцця эканомікі любой краіны.

Кожны год мерапрыемства адбываецца ў іншым польскім горадзе. З самага пачатку эканамічнага форуму яго стратэгічным інфармацыйным партнёрам з’яўляецца Польскае радыё.

вс

слухайце аўдыёфайл