Беларуская Служба

Страйк не ўдаўся. Якія высновы павінна зрабіць беларуская апазіцыя

03.11.2021 14:22
Нацыянальны страйк на 1 лістапада прызначыў Сяргей Дылеўскі, лідар Беларускага аб’яднання рабочых.
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay/niekverlaan/CC0 Creative Commons

Dziennik Gazeta Prawna піша пра страйк, які павінен быў пачацца ў Беларусі 1 лістапада. Ініцыятыва закончылася поўнай паразай. З гэтага можна зрабіць дзве высновы. Па-першае, грамадства, хоць надалей настроенае супраць Лукашэнкі, настолькі запужанае жорсткімі рэпрэсіямі, што людзі вырашылі перачакаць і не рызыкаваць. Па-другое, гэта ўрок на будучыню для апазіцыі, што неабходна лепш каардынаваць крокі.

Нацыянальны страйк аб’явіў Сяргей Дылеўскі, лідар Беларускага аб’яднання рабочых. Сярод патрабаванняў не было сыходу Лукашэнкі, на першым месцы – вызваленне палітвязняў і сумленныя выбары. Дарэчы, гэта раіў беларускім рабочым легендарны лідар польскай Салідарнасці Лех Валэнса: «Вам не ўдасца прымусіць Лукашэнку да сыходу праз страйк. Патрабуйце перамоваў».

Праціўнікі страйку звярталі ўвагу, што апазіцыя ўжо двойчы спрабавала зладзіць такі пратэст, але не ўдалося. Цяпер жа не ўсе лідары апазіцыі падтрымалі ідэю. Напрыклад, Святлана Ціханоўская заявіла, што аб’яўленне страйку не было з ёй узгоднена. «Такі важны крок неабходна добра скаардынаваць. Замала аб’явіць страйк, каб дасягнуць поспеху. Трэба старанна падрыхтавацца», – казала Ціханоўская ў дэбатах, зладжаных у інтэрнэце. Дылеўскі быў запрошаны, але не прыняў запрашэння на ўдзел у дэбатах.

У панядзелак Сяргей Дылеўскі напісаў, што да страйку далучылася каля 20 тыс. чалавек. Аднак на самой справе не было відаць, каб краіна затрымалася, або хаця б асобныя прадпрыемствы.

нг