З лета бягучага году ўзмацніўся пераслед дэлегатаў Каардынацыйнай рады і каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. Аднак, любы актыўны за мяжой беларус можа сутыкнуцца з нечым падобным. Не замоўчваць такія выпадкі, раіць беларусам вядомы апазіцыйны лідар Павал Латушка, якія штодзённа сутыкаецца з пагрозамі.
Сёлета пагрозы ў адрас лідараў беларускіх дэмакратычных сіл сталі насіць штодзённы характар, паведамляе Каардынацыйная рада. Больш за тое нехта публічнай гразіўся здзейсніць забойства ў адрас Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі. Польская паліцыя пачала расследаванне ў дадзенай справе. У сваю чаргу пракуратура Польшчы ўзбудзіла крымінальную справу па факце спроб вярбоўкі супрацоўнікаў НАУ спецслужбамі рэжыму Лукашэнкі. 8 лістапада намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка атрымаў афіцыйнае апавяшчэнне аб гэтым з Акруговай пракуратуры ў Варшаве.
Па сённяшні дзень невядомы лёс шэрагу дэмакратычных актывістаў: зніклай 8 месяцаў таму старшыні Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай ды былога супрацоўніка НАУ Анатоля Котава, які знік пасля прылёту ў Турцыю тры месяцы таму і да гэтага часу не знойдзены.
Рэгулярна з'яўляюцца паведамленні пра пагрозы дэмакратычным актывістам з боку лукашэнкаўскага КДБ. На днях у Польшчы былі зладжаны шэраг дыверсій на чыгунцы, якія зладзілі людзі, што прыехалі з Беларусі ды вярнуліся туды.
На вашу думку, ці ў Польшчы надалей бяспечна знаходзіцца беларусам, якія актыўна дзейнічаюць у грамадскім жыцці дыяспары, на што павінны звяртаць увагу такія асобы, як рэагаваць на звароты з боку сілавікоў Лукашэнкі. Пра гэта мы запыталіся ў намесніка старшыні Аб'яднанага Пераходнага кабінета, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі.
— Думаю, што ў Польшчы мы павінны адчуваць сябе бяспечна. Мы знаходзімся на тэррыторыі Еўрапейскага Саюза. Тут дзейнічае прававая сістэма, працуюць праваахоўныя органы, спецслужбы ажыццяўляюць контвыведкавую дзейнасць, у тым ліку і ў кантэксце беларускіх грамадскіх актывістаў, беларускай апазіцыі. Таму што мы бачым, што вельмі шмат пагроз, рызык узнікае ў адносінах да беларускіх дэмакратычных інстытутаў: Аб'яднанага Пераходнага кабінета, Каардынацыйнай рады, маёй каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, але не толькі.
Ціск на актывістаў будзе працягвацца, перакананы палітык, таму людзям важна памятаць пра так званую «інфармацыйную гігіену».
— Ціск - гэта адмысловы кірунак дзейнасці спецслужбаў Лукашэнкі, з чым працуе польская контр-выведка, але трэба займацца і самаабаронай, самааховай. У першую чаргу памятаць пра «інфармацыйную гігіену», гэта разумець, якія тэлефоны ты здымаеш, каму ты пішаш СМС, каму адказваеш, якія сайты наведваеш, які мэйлы адкрываеш. Калі вы занепакоены сваёй бяспекай, лепш каб як мага менш людзей ведала, дзе вы будзеце ночыць, у якім гатэлі вы спыняецеся, куды накіроўваецеся. Канешне, трэба пакідаць інфармацыю даверанай асобе, каб хтосьці ведаў, куды вы накіраваліся, але ў апошні момант, можна мяняць месца пражывання, і гэтак далей. Гэта базавыя, элементарныя веды, але можна знайсці шмат літаратуры, дзе пачытаць больш падрабязныя рэкамендацыі.
Апроч таго палітык раіць не ігнараваць праваахоўныя інстытуты той краіны, дзе знаходзяцца беларусы, асабліва, калі гэта ў Еўрасаюзе. Тым больш, што кантакты з лукашэнкаўскімі сілавымі структурамі могуць у Польшчы ўспрымацца, як саўдзел у шпіянажы.
— Перад усім, трэба зразумець, што мы павінны разлічваць на праваахоўную сістэму Польшчы. Нашыя самастойныя дзеянні, напрыклад, калі вам пішуць, спрабуюць вербаваць, могуць пазней быць успрынятыя, як факт супрацоўніцтва са спецслужбамі замежнай краіны. Гэта можа кваліфікавацца як шпіянаж, таму інфармуйце адразу ваеннага пракурора, акружную пракуратуру ў Варшаве. На маім Телеграм-канале ёсць адрас пракуратуры ў выпадку такіх дзеянняў супраць вас, каб гэта аб'ядноўвалася ў адну крымінальную справу. Мы адкрылі гэтую прававую сцежку як Народнае антыкрызіснае ўпраўленне. Таксама, вельмі ўважліва стаўцеся да персанальных дадзеных. Персанальныя дадзеныя таксама знаходзяцца пад аховай на тэрыторыі Еўрапейскага Саюза, з гэтым таксама трэба быць пільным.
Палітык папярэджвае беларусаў не замоўчваць сітуацыю, калі лукашэнкаўскія спецслужбы спрабуюць з імі кантактаваць ды паведамляць пра гэта ў польскія праваахоўныя структуры.
— Элементарная самаабарона і галоўнае разлічваць на прававую сістэму той краіны, дзе вы знаходзіцеся. Я на яе разлічваю!
Беларускія дэмакратычныя сілы заяўляюць пра ўзмацненне ціску на актывістаў і лідараў з боку сілавікоў рэжыму Лукашэнкі. Гаворыцца нават пра тое, што пагрозы паступаюць штодня. Гэта робіцца з мэтай запалохаць людзей, каб змусіць іх спыніць змаганне. Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка заклікае не паддавацца на спробы вярбоўкі ды ціск з боку КДБ ды інфармаваць польскія праваахоўныя структуры пра такія выпадкі.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч