Калі расійскі рубель сёння не мае вартасці, то кошт беларускага рубля яшчэ меншы. Аднак менавіта ў гэтай валюце беларускі рэжым плануе вяртаць сваім «непрыязным» крэдыторам свае велізарныя даўгі, паведамляе Rzeczpospolita.
14 сакавіка Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога Мінфін можа пагасіць дзярждоўг у нацыянальнай валюце. Беларускае Міністэрствa фінансаў таксама забараніла прадаваць акцыі беларускіх кампаній акцыянерам з краін, якія ўвялі санкцыі супраць Беларусі.
У тэксце ўказа, які цытуе газета «Коммерсант», гаворыцца, што калі «непрыязныя краіны» ўвядуць санкцыі, якія могуць замарозіць інвестыцыйныя праекты ў Беларусі, то ўлады змогуць пагасіць дзяржаўны доўг перад гэтымі краінамі ў нацыянальнай валюце.
Рэжым Лукашэнкі таксама даў сабе права ўстанаўліваць «павышаную стаўку падатку на даходы замежных арганізацый у сувязі з магчымай выплатай дывідэндаў, ці працэнтных даходаў».
Большасць міжнародных фінансавых арганізацый адмовіліся ад супрацоўніцтва з Беларуссю. Дзяржаўны доўг краіны перавысіў 26 мільярдаў долараў – гэта апошнія даступныя звесткі на ліпень 2021 года, а аб'ём золатавалютных рэзерваў, у пераліку на замежную валюту, нязначны.
На 1 снежня Нацыянальны банк Беларусі заявіў аб наяўнасці золатавалютных рэзерваў у памеры 8,744 млрд долараў. Больш за палову гэтай сумы прыпадае на золата і неліквідныя актывы, а рэальная валюта беларускага цэнтрабанка ўдвая меншая – 3,944 млрд долараў. Гэтых грошай ледзь хопіць на год пагашэння знешніх пазык. Rzeczpospolita нагадвае, што найбуйнейшым крэдыторам Беларусі з’яўляецца Расія.
аз