Беларуская Служба

Польскія газасховішчы запоўненыя амаль на 80%

27.04.2022 16:58
Сёння Расія спыніла пастаўкі прыроднага газу ў Польшчу. 
Аўдыё
  • Сёння Расія спыніла пастаўкі прыроднага газу ў Польшчу
Здымак мае ілюстрацыйны характарShutterstock/Kingtony

У аўторак, 26 красавіка, Расія паведаміла, што з серады прыпыняе пастаўкі газу ў Польшчу і Балгарыю ў сувязі з невыкананнем гэтымі краінамі патрабаванняў Масквы па плацяжах у рублях за сыравіну. Раніцай у сераду расійскі газ перастаў паступаць у Польшчу.

Расіяне патрабуюць ад імпарцёраў газу змяніць умовы кантрактаў, якія прадугледжваюць разлікі ў еўра ці доларах. Замест гэтага Масква патрабуе ў кліентаў плаціць у расійскіх рублях, каб прымусіць еўрапейскія кампаніі купляць расійскую валюту на Маскоўскай біржы. Такім чынам яны хочуць абараніць курс рубля ад падзення, выкліканага ўвядзеннем санкцый, якія з'яўляюцца вынікам агрэсіі супраць Украіны і агулам міру ў свеце.

«Мы гатовыя да спынення паставак газу з Расіі», – запэўнілі на прэс-канферэнцыі міністр па пытаннях клімату і навакольнага асяроддзя Анна Москва і ўпаўнаважаны прадстаўнік ураду Польшчы па стратэгічнай энергетычнай інфраструктуры Пётр Наімскі.

Пётр Наімскі зазначыў, што польскі аператар газаправодаў, кампанія Gaz-System, падрыхтаваная на транспартаванне «блакітнага паліва» з іншых крыніц.

- Мы пашырылі газавы тэрмінал у порце Свінауйсце. У нас ёсць спалучэнне з Германіяй, ёсць таксама магчымасць атрымання газу з Чэхіі. А 1 кастрычніка будзе запушчаны газаправод Baltic Pipe.

Міністр па пытаннях клімату і навакольнага асяроддзя Анна Москва паведаміла, што Еўрапейская камісія аналізуе сітуацыю. Міністр не выключыла, што ад дзеянняў Расіі, акрамя Польшчы і Балгарыі, могуць пацярпець і іншыя краіны.

Яна зазначыла, што Варшава падрыхтаваная да таго, каб не купляць газу з Расіі.

- Мы гатовы да поўнай адмовы ад расейскай сыравіны. Мы ўжо адмовіліся ад расійскага вугалю і гатовыя адмовіцца ад расійскага газу і расійскай нафты. Нашы сховішчы запоўненыя прыблізна на 76%. Рэзервы выкарыстоўваюцца ў тым выпадку, калі няма паставак. Мы зараз не ў такой сітуацыі. І газ у рэзервовыя газасховішчы пастаянна пампуецца.

Нагадаем, вясной мінулага года польскія газасховішчы былі запоўненыя толькі на 39%.
Для польскіх індывідуальных пакупнікоў, кааператываў, жыллёвых кааператываў, грамадскіх арганізацый, школ, дзіцячых садкоў і бальніц да 2027 года будзе прадоўжаная ільготная цана на «блакітнае паліва».

Baltic Pipe альбо Балтыйскі газаправод, пра які згадваў Пётр Наімскі, гэта трубаправод, які будуецца паміж нарвежскім сектарам Паўночнага мора і Польшчай. Гэта стратэгічны інфраструктурны праект, які будуецца з мэтай стварэння новага калідора газазабеспячэння.

Пасля завяршэння ў кастрычніку 2022 году па ім будзе транспартавацца прыродны газ з Паўночнага мора ў Польшчу праз Данію. Праект распрацоўваюць дацкі аператар газа- і электратранспартнай сістэмы Energinet і польскі апэратар газатранспартнай сістэмы Gaz-System. Газаправод прызнаны праектам агульных інтарэсаў Еўрапейскага Саюзу.
Плануецца, што ў 2023 годзе трубаправод запрацуе на поўную гадавую магутнасць у 10 млрд м³ газу.

Пачатак праекту быў закладзены ў 2001 годзе, але з-за эканамічнай немэтазгоднасці працягу не атрымаў. Цікавасць да яго была ўзноўленая ў лютым 2010 годзе з-за жадання скараціць Польшчай выкарыстанне вугалю і зменшыць залежнасць ад паставак газу з Расіі.
Тым часам на бягучым тыдні паміж Польшчай і Літвой будзе запушчанае газаправоднае спалучэнне. Інвестыцыя рэалізаваная польскай кампаніяй Gaz-System і Amber Grid – літоўскай дзяржаўнай газаперадаючай фірмай. Поўная эксплуатацыйная магутнасць газаправоду павінна быць дасягнутая ў кастрычніку.

Новы трубаправод з’яўляецца важным элементам дыверсіфікацыі паставак газу ў Польшчу. Газаправод спалучыць газавыя сістэмы Фінляндыі і Заходняй Еўропы праз тэрыторыю Эстоніі, Латвіі, Літвы і Польшчы.

Агульная працягласць трубаправоду складае 508 км: 343 км па тэрыторыі Польшчы і 165 км – у Літве.

На пачатку красавіка Літва поўнасцю адмовілася ад расійскага газу.
вс