Беларуская Служба

Польская прамысловасць адчувае недахоп драўніны

11.05.2022 13:12
«Імпарт драўніны і драўляных паўфабрыкатаў з Расіі і Беларусі цалкам спыніўся». 
Ілюстрацыя Крыніца: Pixabay

Мы хочам давесці сітуацыю да таго, каб большая частка польскай драўніны перапрацоўвалася мясцовымі прадпрымальнікамі, – заявіў у сераду ў размове з выданнем Dziennik Gazeta Prawna міністр развіцця Польшчы Вальдэмар Буда. Вайна ва Украіне абвастрыла праблему недахопу сыравіны ў польскіх пераапрацоўшчыкаў дрэва і мэблевай прамысловасці.

«Імпарт драўніны і драўляных паўфабрыкатаў з Расіі і Беларусі цалкам спыніўся. Украіна, у асноўным заходняя частка краіны, пастаўляе нам, магчыма, 25% таго, што мы атрымлівалі да вайны», – распавёў выданню Dziennik Gazeta Prawna дырэктар Польскай гандлёва-прамысловай палаты дрэваперапрацоўчай прамысловасці Рафал Шэфлер. Паводле яго, «галіна ўжо шмат гадоў звяртаецца да ўраду з просьбай ажыццявіць захады, накіраваныя на садзейнічанне перапрацоўцы драўніны ў краіне. Мы папярэджвалі, што перадача большага аб'ёму паставак драўніны на адкрытыя аўкцыёны і адсутнасць кантролю над яе экспартам прывядуць да сурʼёзных парушэнняў у пастаўках і росту цэнаў– падкрэслівае знаўца, дадаючы, што «ніхто ў Еўропе не мае такіх ліберальных правілаў продажу драўніны, як польскае прадпрыемства «Дзяржаўныя лясы».

У сваю чаргу міністр развіцця Вальдэмар Буда ў размове з выданнем пераконвае, што «у дыялогу з «Дзяржаўнымі лясамі» міністэрства прымае захады па стварэнні максімальна выгадных рашэнняў для перапрацоўшчыкаў драўніны ў Польшчы». Адказваючы на пытанне, калі можна чакаць канкрэтыкі па гэтым пытанні, міністр развіцця запэўніў, што для ведамства гэта прыярытэт.

«Для «Дзяржаўных лясоў» таксама важная прыбытковасць бізнесу. Мы спрабуем пераадолець гэтую праблему. Таму нават шматмільярдныя даходы «Дзяржаўных лясоў» у перспектыве года – для эканомікі нішто – у параўнанні са стратай працоўных месцаў ва ўмовах недахопу сыравіны», падкрэсліў міністр развіцця Польшчы ў размове з выданнем Dziennik Gazeta Prawna.

эж