Беларуская Служба

Польскія фірмы рыхтуюцца да ўдзелу ў вялікім праекце, якім будзе адбудова Украіны

28.05.2022 14:34
Гаворка ідзе між іншым пра паліўную ды энергетычную інфраструктуру, а таксама транспарт.
Разбураны дом у Харкавефота: PAP/EPA/SERGEY KOZLOV

DoRzeczy разважае пра вялізарныя задачы, якія стаяць перад украінцамі пасля завяршэння вайны. Гаворка ідзе пра пасляваенную адбудову дзяржавы. Пакуль што расійскія войскі пакідаюць пасля сябе толькі смерць і разбураныя гарады, але і ўкраінскія, і польскія палітыкі вераць, што праз нейкі час гэтыя гарады зноў будуць дынамічна развівацца.

Польскія ўлады ўжо цяпер рыхтуюцца да ўдзелу ў вялікім праекце, якім будзе адбудова Украіны. Гаворка ідзе між іншым пра паліўную ды энергетычную інфраструктуру, а таксама транспарт. Шматлікія польскія кампаніі вялі бізнес з украінцамі яшчэ перад вайной, яны нядрэнна ведаюць гэты рынак і яго патрэбы.

Паводле папярэдніх прагнозаў, украінская эканоміка скараціцца прыкладна на 35% ВУП, Сусветны банк прагназуе падзенне на 45%. Чым даўжэй працягваецца вайна, тым большыя будуць страты.

Супраца паміж Польшчай і Украінай ужо ідзе. Прэмʼер-міністры Матэвуш Маравецкі і Дзяніс Шмыгаль падпісалі мемарандум па дадзеным пытанні. Гаворка ідзе пра экспарт украінскага зерня. Ужо заснаваная адпаведная польска-украінская кампанія. Эксперты згодныя, што прыярытэтам будзе жыллёвае будаўніцтва. Адбудова разбураных жылых дамоў, асабліва ў заходняй частцы Украіны, можа пачацца ўжо неўзабаве. Неабходна таксама адрамантаваць або збудаваць нанава электрастанцыі, масты, чыгуначныя лініі.

Польшча аказвае шырокую дапамогу Украіне падчас вайны, у тым ліку ўзбраеннем, аслабляючы такім чынам свой уласны абарончы патэнцыял. Прымаючы ўдзел у адбудове Украіны, яна магла б прынамсі крыху кампенсаваць гэтыя страты, а можа нават і зарабіць.

нг