У важных аэрапортах Еўропы пануе вялікі хаос – лепш не карыстацца партамі Бруселя, Стакгольма, Амстэрдама, Дубліна і Лондана – чытаем у выданні Rzeczpospolita. Паўсюль гіганцкія чэргі на рэгістрацыю. British Airways і easyJet, якія лётаюць з аэрапортаў Лондана, адмяняюць некалькі сотняў рэйсаў у дзень. Хто вінаваты ў гэтай сітуацыі: авіякампаніі, аэрапорты ці, можа, пасажыры? Гэта залежыць ад аэрапорту і авіякампаніі.
Асноўная прычына – недахоп наземнага персаналу ў аэрапортах. Больш чым за два гады пандэміі многія людзі пакінулі галіну, знайшлі працу ў іншых месцах і цяпер не жадаюць вяртацца. Заробкі ў авіяцыі ніжэйшыя, чым да пандэміі, і ў галіны па-ранейшаму вялікая невядомасць.
Перавозчыкі выказваюць меркаванні, што сённяшнія праблемы гэтым летам толькі пагоршацца. Хаця, паводле наяўных прагнозаў, пасажырапаток павінен быць максімум на ўзроўні 2019 года, а тады такіх праблем не было. – На жаль, цяперашнюю напружанасць нельга хутка вырашыць. Многія людзі пакінулі нашу галіну і знайшлі лепш платную працу. Я не бачу шанцаў, што яны захочуць вяртацца зараз, – прызнаецца Томас Рэйнерт, генеральны дырэктар авіякампаніі для Еўропы (A4E), у якую ўваходзіць, сярод іншых Lufthansa, easyJet і Ryanair.
Еўрапейская аэрапортная арганізацыя (Air Council International Europe) не пакідае сумневаў: сур'ёзныя затрымкі непазбежныя ў большасці еўрапейскіх аэрапортаў.
У варшаўскім аэрапорце імя Шапэна хутка расце пасажырапаток, але такіх сурʼёзных праблем няма. Кампанія PPL, якая кіруе варшаўскім аэрапортам, сурʼёзна паставілася да праблем мінулага лета, калі пасажырам здаралася чакаць свой багаж па некалькі гадзін. Дапамог кантроль за часам дастаўкі багажу. У выпадку парушэння PPL рэагуе і неадкладна звязваецца з агентам.
нг