Частка гасцініц і хостэлаў у Польшчы чакала лета і курортнікаў, аднак так атрымалася, што ў іх засялілі выключна ўкраінскіх грамадзян, якія ўцяклі ад вайны, піша Rzeczpospolita.
Некаторыя ўладальнікі гатэляў атрымалі фінансавую падтрымку ад муніцыпальных уладаў, аднак далёка не ўсе і ўсё яшчэ чакаюць.
- Няма ніякіх сістэмных рашэнняў – падатковых ільгот ці субсідый для прадпрымальнікаў, каб яны не баяліся, што прыём уцекачоў прынясе ім адны толькі праблемы – кажа юрысконсульт Пётр Палка. Ён дадае, што да дапамогі ўкраінскім грамадзянам падключыліся многія прадпрымальнікі. Аднак, на яго думку, няма ніякіх нормаў, якія б яшчэ больш стымулявалі прадпрымальнікаў дапамагаць украінскім уцекачам. У асноўным гэта датычыцца гасцінічнага сектара. Многія ўладальнікі курортных аб'ектаў не ведаюць, як сумясціць далейшую дапамогу з летнім сезонам і магчымасцю зарабляць.
Міхал Качмарэк з Паўночнай палаты гасцінічнага сектара кажа, што значную частку ўкраінцаў перавялі з гатэляў у іншыя цэнтры.
– Некаторыя з іх засталіся і там працуюць.
Матэўш Веньцэк кіруе двума невялікімі хостэламі ў Падкарпацкім ваяводстве.
– Я не маю сумлення выганяць маіх гасцей з Украіны. Так – у мяне была дамова на дзіцячы летні лагер і некалькі браніраванняў на лета. Але на пачатку чэрвеня я паведаміў, што арганізаваць іх адпачынак у мяне не атрымаецца.
Уладальнік хостэлаў не хавае, што разлічвае на пэўную падтрымку з боку дзяржавы.
Мясцовыя ўлады шмат дзе адрэагавалі і перасялілі ўкраінскіх бежанцаў з гасцініц у іншае месца, аднак не ўсе ўкраінцы прынялі новыя месцы. Некаторыя заяўлялі пра сваё жаданне вярнуцца ва Украіну.
яс