Расійская арганізацыя «Грамадская спажывецкая ініцыятыва» прад'явіла пазоў да кампаніі IKEA. Нідэрландскі канцэрн са шведскім радаводам, як і многія іншыя заходнія брэнды, пакідае расійскі рынак у знак пратэсту супраць нападзення Расіі на Украіну, паведамляе газета Rzeczpospolita.
Грамадская спажывецкая ініцыятыва лічыць, што неабходна абараніць правы нявызначанага кола спажыўцоў, і таму просіць суд прызнаць дзеянні кампаніі супрацьзаконнымі.
Так, ініцыятыва мяркуе, што замежны брэнд сыходзіць з расійскага рынка, не забяспечыўшы правы пакупнікоў, і яны зараз пазбаўленыя магчымасці атрымаць тэхнічнае абслугоўванне, рамонт, замену і вяртанне тавараў. Паводзіны IKEA нібыта замахваюцца на інтарэсы сотняў тысяч грамадзян у Расіі і пагаршаюць іх маёмаснае становішча ў няпростых эканамічных умовах, гаворыцца ў пазове.
IKEA нейкі час таму заявіла, што цалкам пакідае расійскі рынак, распрадае тавары ў крамах і на складах і шукае пакупнікоў сваіх прадпрыемстваў. Зацікаўленнем фабрыкамі брэнду ўжо праявілі некаторыя расійскія фірмы.
Раней Грамадская спажывецкая ініцыятыва падобныя пазовы падала, у прыватнасці, супраць канцэрнаў Sony, Mercedes, Volkswagen, Netflix і Apple, якія таксама сышлі з расійскага рынку, паведамляе газета Rzeczpospolita.
вс