Беларуская Служба

Кожны дзясяты паляк мяркуе, што інфляцыя падскочыць ажно да 30 працэнтаў

27.07.2022 13:15
Палякі не вераць у хуткае зніжэнне тэмпаў інфляцыі.
Zdjęcie ilustracyjne.
Zdjęcie ilustracyjne.Kamil Zajączkowski/Shutterstock

Апытанне Цэнтру вывучэння грамадскай думкі (CBOS) паказвае, што кожны 10-ы паляк лічыць, што інфляцыя перакрочыць узровень у 30 %.

Пераважная большасць дарослых палякаў лічыць, што інфляцыя будзе расці і надалей (85%), і толькі 8 % рэспандэнтаў мяркуюць,  што яна ўжо дасягнула максімальнага ўзроўню,  яшчэ 7 % апытаных не маюць пра гэта меркавання.

Інфляцыя ў Польшчы самая высокая за апошнія 25 гадоў. У чэрвені гэтага года ў параўнанні з адпаведным месяцам мінулага года спажывецкія тавары і паслугі падаражэлі на 15,5 %.

На пытанне, якога найвышэйшага, на іх думку, узроўню дасягне інфляцыя, рэспандэнты часцей за ўсё называлі значэнне ў 20%. На гэта ўказаў амаль кожны трэці. Нямала рэспандэнтаў, амаль кожны чацвёрты, рабілі больш аптымістычныя прагнозы, сцвярджаючы, што інфляцыя не дасягне 20%. Астатнія апытаныя настроены больш песімістычна – кожны пяты прагназуе, што яна пераадолее 20-працэнтны рубеж, у тым ліку кожны дзясяты – гадавы рост цэнаў складзе не менш за 30%.

Меркаванні наконт піку інфляцыі даволі падзяліліся, аднак найбольшая група рэспандэнтаў мяркуе, што ён прыпадзе на рубеж года – зімой, у канцы гэтага года або ў пачатку наступнага, піша CBOS. Вялікая частка апытаных сцвярджае, што пік інфляцыі прыпадае раней – гэтай восенню, кожны сёмы – наступнай вясной ці пазней, і мала хто – гэтым летам, піша Rzeczpospolita.

вх