57 працэнтаў палякаў ужо адкладаюць грошы на восеньскія і зімовыя камунальныя аплаты, і ажно 53 адсоткі кажуць, што для гэтага павінны шукаць дадатковыя крыніцы даходу – вынікае з даследавання, праведзенага UCE Research для Business Insider Polska.
Сёлетняя зіма будзе надзвычай цяжкай. Як сцвярджаюць эксперты ў Business Insider Polska, калі яна скончыцца «толькі» імклівым ростам рахункаў за электраэнергію, гэта ўсё роўна будзе азначаць рэалізацыю «аптымістычнага сцэнару». Астатнія яшчэ больш страшныя, паводле іх, адбудуцца прастоі ў прамысловасці і праблемы з пастаўкамі газу ці іншых крыніц энергіі.
На думку спецыялістаў, пра зіму трэба думаць летам, а не чакаць кастрычніка ці лістапада.
– Пра сёлетнюю зіму, безумоўна, варта думаць ужо цяпер, – адзначыла Аляксандра Гаўлікоўска-Фык з Forum Energii. І здзівілася, што пакуль, няма інфармацыйных кампаній, як трэба рыхтавацца да будучай зімы.
Аднак грамадзяне ведаюць, што ўсіх нас чакае вельмі цяжкая зіма. Ажно 57 працэнтаў апытаных палякаў зараз мае намер адкладаць грошы на асенне-зімовыя рахункі. Кожны чацвёрты паляк, нягледзячы на асцярогі, не мае намеру ўжо сёння адкладаць грошы на зімовыя рахункі, а 6 працэнтаў рэспандэнтаў сцвярджаюць, што могуць дазволіць сабе ацяпленне і таму ім не трэба эканоміць.
яс