Беларуская Служба

Газаправод паміж Польшчай і Славакіяй дапаможа ўзмацніць бяспеку

26.08.2022 16:46
Газаправод мае 61 км па польскім баку і 106 км па славацкім. 
-
Прэм'ер-міністры Польшчы і Славакіі падчас адкрыцця газаправодуфота: PAP/Darek Delmanowicz

У пятніцу ў Страхоціне ў Падкарпацці адбылася цырымонія запуску газавай сувязі Польшча-Славакія. «Газаправод паміж Польшчай і Славакіяй дапаможа ўзмацніць бяспеку паміж нашымі краінамі. Гэта таксама інвестыцыя Трохморʼя, краін Цэнтральнай Еўропы, якія такім чынам будуюць сваю бяспеку», – заявіў прэмʼер-міністр Матэвуш Маравецкі, словы якога прыводзіць партал Энергетыкаʼ24.

«Гэта газаправод для міру, гэта газаправод бяспекі, у адрозненне ад таго, што пабудавалі Германія і Расія пры падтрымцы іншых краін, гэта значыць Nord Stream I і II, які быў газаправодам для вайны» – дадаў прэм’ер Маравецкі.

Дадзеная труба – гэта двухбаковы газаправод высокага ціску, які злучае газавы вузел нацыянальнай сістэмы ў Страхоціне на Падкарпацці са славацкім вузлом Вялікія Капушаны на мяжы з Украінай. Там праходзіць газаправод «Братэрства» – адзін з маршрутаў экспарту расійскага газу на захад, праз Украіну.

Газаправод мае 61 км па польскім баку і 106 км па славацкім. З польскага боку інвестарам выступіў газатранспартны аператар Gaz-System, а са славацкага – мясцовы аператар Eustream. Максімальная магутнасць складае да 4,7 млрд кубаметраў газу штогод у бок Славакіі або 5,7 млрд кубоў у бок Польшчы.

нг