Беларуская Служба

Да 2029 года KGHM плануе запусціць у Польшчы першы малы модульны рэактар

09.09.2022 07:31
Старшыня KGHM паведаміў, што канцэрн разглядае пяць месцаў размяшчэння такіх рэактараў у Польшчы.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: slightly_different/pixabay.com/CC0 Public Domain

Старшыня Польскага канцэрна па здабычы і вытворчасці медзі Марцін Хлюдзіньскі(Marcin Chludziński) паведаміў, што KGHM разглядае пяць месцаў дыслакацыі першых малых модульных рэактараў у Польшчы. Паводле яго, канчатковае рашэнне па гэтай справе будзе прынятае на працягу паўгода:

- Мы разглядаем 4-5 месцаў дыслакацыі першых рэактараў. Думаю, што справа будзе канчаткова вырашана на працягу паўгода. Гаворка ідзе пра найбольш аптымальныя месцы, якія раней павінны быць зацверджаныя таксама канцэсійнымі органамі і дзяржаўнай адміністрацыяй.

Марцін Хлюдзіньскі дадаў, што наступным крокам, пасля падрыхтоўкі дакументацыі і каштарысу, будзе падача заяўкі на магчымасць будаўніцтва рэактараў:

- Зразумела, гэта таксама залежыць ад хуткасці вырашэння пытання месца размяшчэння рэактараў. Падрыхтоўка ўсёй неабходнай дакументацыі таксама цесна звязаная з пытаннямі, датычнымі аховы навакольнага асяроддзя. Менавіта гэты этап можа працягвацца найдаўжэй – нават да двух гадоў.

Зараз канцэрн распрацоўвае таксама мадэль фінансавання інвестыцыі. Нагадваем, два месяцы таму KGHM падаў у Польскае агенцтва атамнай энергіі першую ў Польшчы заяўку на рэалізацыю малых модульных рэактараў (Small Modular Reactors, SMR). У лютым бягучага года канцэрн падпісаў дамову з амерыканскай кампаніяй NuScale Power аб пачатку работ па ўкараненні гэткай тэхналогіі ў Польшчы. KGHM плануе запусціць першы малы модульны рэактар у Польшчы да 2029 года.

IAR/аз

KGHM падаў першую ў Польшчы заяўку на рэалізацыю тэхналогіі SMR

12.07.2022 12:07
Медны гігант плануе запусціць першыя такія рэактары ў Польшчы да 2029 года.