Беларуская Служба

Латвійскі поспех дэпазітнай сістэмы на ўпакоўку. Каштоўны досвед для Польшчы

23.09.2022 13:10
Дэпазітная сістэма – эфектыўны метад збору праблемных адходаў.
W Polsce powstanie system kaucyjny.
W Polsce powstanie system kaucyjny.Forum

Нягледзячы на тое, што сістэма дэпазіту дзейнічае ў Латвіі толькі сем месяцаў, добрыя практыкі і памылкі могуць быць каштоўнай падказкай для краін, якія плануюць увесці дадатковую аплату за ўпакоўку, у тым ліку і для Польшчы, піша Rzeczpospolita.

Дэпазітная сістэма для такіх відаў упакоўкі як ПЭТ-бутэлькі, металічныя бляшанкі і шкляныя бутэлькі была запушчаная ў Латвіі ў пачатку лютага гэтага года. Усяго ў дэпазітнай сістэме Латвіі ўжо зарэгістравана больш за 5000 відаў упакоўкі – дакладна апісаных і маркіраваных.

«Нават нязначнае змяненне канструкцыі або вагі бутэлькі або банкі робіць немагчымым вяртанне іх у гандлёвы аўтамат», – тлумачыць Мікс Стурыціс (Miks Stūrītis), прэзідэнт Depozīta Iepakojuma Operators (DIO). Кампанія з'яўляецца адзіным аператарам дэпазітнай сістэмы ў Латвіі – абраная на дзяржаўным тэндэры і з кантрактам на сем гадоў.

Уся сабраная ў Латвіі тара ідзе на аўтаматызаваны сартавальны завод у прыгарадзе Вільні ў Літве.

Мікс Стурыціс падкрэслівае, што ўвядзенне стандартнай шматразовай шкляной бутэлькі стала вялікай дапамогай для невялікіх бровараў.

- Калі мы хочам стварыць цыркулярную эканоміку (эканоміку кругавога цыклу), усе вытворцы павінны мець доступ да сістэмы збору ўпакоўкі, – кажа Ганна Ларсан, дырэктар па ўкараненні мадэляў цыркулярнай эканомікі міжнароднай няўрадавай арганізацыі Reloop Platform. Мікс Стурыціс падкрэслівае, што больш за сто латвійскіх рытэйлераў ужо добраахвотна далучыліся да сістэмы збору ўпакоўкі.

Станоўчыя эфекты ўжо бачныя: за сем месяцаў працы дэпазітнай сістэмы ў Латвіі было сабрана больш за 120 мільёнаў упаковак напояў (у асноўным слоікаў і ПЭТ-бутэлек), гэта значыць амаль дзве траціны ўпакоўкі з залогам, выстаўленай на рынак у той час. З гэтага абʼёму – шматразовая тара займае 23 працэнты.

– Дэпазітная сістэма – вельмі эфектыўны метад збору праблемных адходаў. Гэта таксама дапамагае дасягнуць паказчыкаў па перапрацоўцы, – падкрэслівае Лаура Антэйна, намеснік кіраўніка Дзяржаўнай службы навакольнага асяроддзя Латвіі, урадавай установы Латвіі, якая адказвае за ўвядзенне дэпазітнай сістэмы. І прагназуе, што да 2025 года атрымаецца знізіць долю ўпакоўкі ў камунальных адходах на 10 працэнтаў.

88 працэнтаў палякаў падтрымліваюць увядзенне ў Польшчы аналагічнай дэпазітнай сістэмы. Палітычная падтрымка таксама вельмі важная, бо ўвядзенне сістэмы залогу патрабуе, у тым ліку, зменаў у правілах перавозкі выкарыстанай тары, а таксама яе захоўвання ў магазінах.

вх