Беларуская Служба

Польшча – абсалютны лідар па экспарце электробусаў у ЕС

07.10.2022 10:15
Кожны трэці электробус, экспартаваны краінамі Еўрасаюза ў 2017–2021 гадах, паходзіў з польскіх заводаў.
 .    .
Электрычны аўтамабіль. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Photo: paulbr75/pixabay.com/CC0 Public Domain

Польшча з'яўляецца абсалютным лідарам па экспарце электробусаў у Еўрапейскім Саюзе. Усяго ў 2017–2021 гадах з польскіх заводаў на іншыя рынкі ЕС былi пастаўленыя 1 937 электробусаў. Аўтамабілі з нулявым выкідам таксама з’яўляюцца ўсё большай часткай транспартнага парку ў польскіх гарадах, паведамляе «Rzeczpospolita».

Паводле выдання, якое спасылаецца на дадзеныя Польскай асацыяцыі альтэрнатыўных відаў паліва, кожны трэці электробус, экспартаваны краінамі Еўрасаюза ў 2017–2021 гадах, паходзіў з польскіх заводаў.

«Прадукаваныя ў Польшчы электрычныя аўтобусы таксама экспартуюцца за межы ЕС. Гэта, аднак, не азначае, што ўсе выпушчаныя ў краіне электробусы ездзяць выключна па замежных дарогах. На падставе дадзеных Гандлёвай палаты гарадскога транспарту, па стане на 31 снежня 2021 года ў гарадах Польшчы было 615 электробусаў. Гэта складае амаль 5,2 працэнта ад усяго парку гарадскіх аўтобусаў у Польшчы.

Найбуйнейшым электрычным аўтапаркам, які складае 160 электробусаў, можа пахваліцца Варшава. Электрычныя аўтобусы складаюць 11 працэнтаў аўтапарка сталічнага прадпрыемства. Далей ідуць такія гарады, як Кракаў (13,7 працэнта аўтапарку), Познань (18,3 працэнта), Зялёна Гура (48,3 працэнта) і Явожна – гарадок на поўдні Польшчы, жыхароў якога возяць 44 электробусы, што складае 62,9 працэнта аўтапарку і гэта самая высокая доля ў Польшчы.

«Rzeczpospolita» дадае, што грамадскі транспарт з нулявым выкідам, як і іншыя сферы электрамабільнасці ў Польшчы, сканцэнтраваны перад усім у найбуйнейшых гарадах краіны.

аз