Беларуская Служба

Расійскі газ – як наркотык, які прапануе наркадылер – спачатку танны, пазней небяспечны

07.10.2022 18:38
Прэм'ер-міністр М. Маравецкі кажа, што расійскі газ стаў праклёнам для Еўропы.
Здымак мае ілюстрацыйны характарShutterstock/Kingtony

У пражскім саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці (EPC) удзельнічалі лідары 44 еўрапейскіх краін, між іншым прэм’ер-мінстр Польшчы Матэвуш Маравецкі, аб чым нагадвае Niezalezna.pl. «Расійскі газ быў як наркотык. Наркадылер таксама прадае танна, каб выклікаць залежнасць. І так дзейнічала Масква», – казаў Маравецкі на саміце.

Польскі прэм’ер падкрэсліў, што ўсе еўрапейскія лідары былі згодныя наконт памылак у энергетычнай палітыцы. Яна, а таксама агрэсія Расіі супраць Украіны выклікалі высокую інфляцыю. «Гэта пуцінфляцыя», – дадаў ён.

Маравецкі таксама адзначыў, што некаторыя краіны Заходняй Еўропы далі сябе ўцягнуць у павуцінне Масквы. Адны па наіўнасці, іншыя з-за недальнабачнасці, а некаторыя паступілі на службу да Расіі.

Маравецкі падкрэсліў, што расійскі газ стаў праклёнам для Еўропы, сёння ў фармаце Еўрапейскай палітычнай супольнасці неабходна пакінуць расійскі газ і агулам расійскія рэсурсы ў мінулым. Ён казаў, што гэта крок да пабудовы свету без вайны, свету без расійскай агрэсіі і залежнасці ад расійскіх рэсурсаў.

Па дадзеным пытанні еўрапейскія дзяржавы кажуць ва ўнісон. Гавораць і пра польскую празорлівасць, – сказаў Маравецкі, згадваючы такія інвестыцыі, як газаправод Baltic Pipe або газавы тэрмінал у Свінавуйсці.

«Для Расіі газаправоды, як і танкі, гэта інструмент агрэсіі, інструмент панавання і інструмент імперыялізму», – сказаў прэм'ер-міністр. Таму Еўропа павінна пільна сачыць за тым, што адбываецца за польскай усходняй мяжой і за тым, што было наварочана няправільнай энергетычнай палітыкай, няправільнай нямецка-расійскай палітыкай у галіне паставак газу.

Маравецкі дадаў, што падчас сустрэчы ў Празе ён выказваўся за ўвядзенне максімальных коштаў на газ, за захаванне адзінства на агульным еўрапейскім рынку і за пашырэнне інфраструктуры. Гэта лагічныя змены, многія краіны іх падтрымліваюць.

нг