Чыгуначная кампанія PKP Polskie Linie Kolejowe падпісала пагадненні з мясцовымі ўладамі Мазавецкага ваяводства аб фінансаванні рэвіталізацыі трасы Оstrów Mazowiecka – Małkinia i Sokołów Podlaski – Siedlce. Чыгуначныя лініі будуць мадэрнізаваны і электрыфікаваны.
Намеснік міністра інфраструктуры Анджэй Бітэль сказаў, што аднаўленне пасажырскіх зносінаў станоўча паўплывае на рэгіён.
- Будуць адноўленыя каля 50 км рэек. На гэтай трасе знаходзяцца два гарады з насельніцтвам больш за 10 тысяч чалавек і 5 гмінаў. Будзе адноўлена інфраструктура для пасажырскага руху, бо цяпер на гэтым шляху адбываецца толькі грузатранспартны чыгуначны рух.
Анджэй Бітэль падкрэсліў што PKP Polskie Linie Kolejowe такім чынам павышаюць камфорт падарожжа, ствараюць магчымасць хутка дабрацца да працы і таксама паўплываюць на турыстычныя патокі.
Пасажырскія чыгуначныя перавозкі з Саколава-Падляскага і Острув-Мазавецкай былі ліквідаваныя амаль 30 гадоў таму, у 1993 годзе, і з таго часу адзіная камунікацыя з гэтымі гарадамі – аўтамабільны транспарт.
Чыгуначная кампанія PKP у рамках так званай «вакзальнай праграмы» ад 2016 году аднаўляе таксама будынкі вакзалаў па ўсёй Польшчы. Праграма ахоплівае каля 200 інвестыцыйных праектаў, а завяршыць яе рэалізацыю плануецца ў наступным годзе.
IAR/яс