Пра гэта паведаміў прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі падчас сустрэчы з кіраўнікамі ваяводстваў у сядзібе Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі ў Варшаве.
Маравецкі падкрэсліў, што частка гэтай сыравіны прызначаецца для індывідуальных атрымальнікаў. Больш за 1 мільён тон адсартаванага вугалю змогуць купіць жыхары, якія карыстаюцца гэтым відам паліва.
На мінулым тыдні польскі ўрад прыняў законапраект, згодна з якім муніцыпалітэты будуць удзельнічаць у працэсе размеркавання вугалю. Дзякуючы субсідыям з дзяржаўнага бюджэту муніцыпалітэты змогуць купляць сыравіну па 1,5 тысячы злотых за тону ($300) і прадаваць яе максімум па 2 тысячы злотых за тону ($400).
А тым часам у панядзелак, 17 кастрычніка цана на вугаль у еўрапейскіх партах ARA (Антверпен-Ратэрдам-Амстэрдам) вырасла да 273 долараў за тону.
Яшчэ да пачатку вайны ва Украіне ў студзені і да сярэдзіны лютага 2022 года цэны на вугаль у спісе ARA значыліся ніжэй за 200 долараў за тону. Пасля нападу Расіі на Украіну Захад увёў санкцыі на пастаўкі расійскага вугалю. Гэта відавочна паўплывала на цану гэтай сыравіны.
Цяпер Польшча імпартуе каменны вугаль з Аўстраліі, Калумбіі, Інданезіі, Кітая, Казахстану і Украіны. Самы дарагі вугаль Польшча купіла ў Кітая – адна тона за 770 долараў. Самы танны вугаль з Казахстану – 200 долараў за тону.
Усе склады вугалю, якія гандлююць гэтай сыравінай, павінны зарэгістравацца на ўрадавым партале ciepło.gov.pl – нагадаў урадавы ўпаўнаважаны па кібербяспецы Януш Цешыньскі. Ён адзначыў, што прадпрымальнікі, якія прадаюць вугаль без рэгістрацыі, будуць карацца штрафам у памеры 15 тысяч злотых ($3 тыс.).
«Штраф прадугледжаны ўрадавым актам, які прыняла Рада міністраў», – падкрэсліў Януш Цешыньскі:
- Мы ведаем, што яшчэ не ўсе склады вугалю зарэгістраваліся і таму пасля ўваходу ў сілу закону, несумленныя прадпрымальнікі будуць пакараныя штрафам. Я заахвочваю ўсіх падключыцца да сістэмы ciepło.gov.pl, у выпадку праблем – нашыя эксперты дапамогуць зарэгістравацца.
Да гэтага часу заяўку на рэгістрацыю на партале cieplo.gov.pl падалі 2750 прадаўцоў вугалю.
IAR/яс