У Польшчы доступ у Інтэрнэт маюць 93,3% хатніх гаспадарак, гэта значыць амаль на 1% больш, чым летась, піша ў панядзелак, 24 кастрычніка Dziennik Gazeta Prawna са спасылкай на вынікі апошняга апытання «Інфармацыйнае грамадства», праведзенага Галоўным статыстычным упраўленнем Польшчы.
Палякі ўсё часцей карыстаюцца інтэрнэтам для пакупак. За апошнія 12 месяцаў прадукты ці паслугі праз інтэрнэт заказвалі 64,6% жыхароў Польшчы ва ўзросце ад 16 да 74 гадоў. Гэта на 3,4% больш, чым у папярэднім годзе і на 10% больш, чым у 2019 годзе – напярэдадні эпідэміі.
Dziennik Gazeta Prawna адзначае, што дыспрапорцыя паміж папулярнасцю інтэрнэт-крам у гарадах і вёсках зменшылася. «Найбольшая розніца ў гэтым плане па-ранейшаму бачная ў Мазавецкім ваяводстве. Большасць палякаў (55%) таксама карыстаюцца паслугамі дзяржаўнай адміністрацыі праз інтэрнэт: часцей за ўсё шукаюць інфармацыю, спампоўваюць формы заяў і падаюць падатковыя дэкларацыі», – чытаем на старонках газеты.
Хоць доля хатніх гаспадарак Польшчы без доступу да інтэрнэту сёлета ўпала ніжэй за 7%, усё ж не ўсе, падлучаныя да сеткі, маюць хуткае злучэнне – шырокапалосы інтэрнэт.
«У той жа час, паводле звестак Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, сем'яў з шырокапалоснай мабільнай сувяззю стала менш, чым у 2021 годзе (зніжэнне на 1,4%). Павялічылася толькі колькасць хатніх гаспадарак з шырокапалосным стацыянарным злучэннем (рост на 0,7%)», – пісалі на старонках Dziennik Gazeta Prawna.
эж