Беларуская Служба

У кастрычніку інфляцыя пераадолела чарговую планку. Цэны растуць

31.10.2022 14:30
Інфляцыя ў кастрычніку паскорылася да 17,9 % у гадавым вылічэнні з 17,2 % у верасні. Шмат у чым на гэта паўплывалі цэны на прадукты харчавання, якія выраслі амаль на 3 працэнты ў параўнанні з вераснем і на 22 працэнты ў гадавым вымярэнні.
Ілюстрацыйны здымакShutterstock/Stokkete

Паводле ацэнак Галоўнага статыстычнага ўпраўлення (GUS), індэкс спажывецкіх цэнаў (CPI), галоўны паказчык інфляцыі ў Польшчы, у кастрычніку павялічыўся на 17,9 %. У гадавым вылічэнні, найбольшы паказчык са снежня 1996 года, пасля росту на 17,2 % у верасні.

Некаторыя аналітыкі лічаць, што большай інфляцыі ў гэтым годзе не варта чакаць. У кастрычніку індэкс спажывецкіх цэнаў вырас ажно на 1,8 працэнта ў параўнанні з вераснем. Гэта самы вялікі месячны прырост з красавіка. Больш за тое, такога росту цэн не было з 1995 года.

У кастрычніку найбольш хутка раслі цэны на энерганосьбіты (газ, электрычнасць, паліва). Цэны на іх выраслі на 41,7 працэнта ў гадавым вымярэнні.

Цэны на электраэнергію і газ для спажыўцоў рэгулююцца, таму яны не змяняюцца з месяца ў месяц. Галоўным фактарам паскарэння інфляцыі сталі цэны на прадукты харчавання і безалкагольныя напоі, якія маюць найбольшую вагу ў індэксе спажывецкіх цэн. Цэны на тавары гэтай катэгорыі ў кастрычніку выраслі на 21,9 працэнта ў гадавым вымярэнні.

Павышэнне коштаў на энерганосьбіты і газ на аптовым рынку, хоць і не ўплывае непасрэдна на рахункі насельніцтва, але азначае рост выдаткаў кампаній, якія ў выніку павышаюць цэны на свае тавары і паслугі. Абсалютная большасць кампаній, 76 працэнтаў, маюць намер павысіць цэны на сваю прадукцыю ў бліжэйшыя 12 месяцаў.

Большасць эканамістаў цяпер мяркуюць, што ў 2023 годзе інфляцыя будзе паступова запавольвацца, піша Rzeczpospolita.

вх