Беларуская Служба

Нягледзячы на чаканні Крамля, Індыя не ўратуе вугальную прамысловасць Расіі

01.11.2022 11:40
Для расійскай горназдабыўной прамысловасці індыйскі рынак разглядаецца як магчымая альтэрнатыва больш прыбытковаму і перспектыўнаму рынку Кітая. 
Ілюстрацыя Shutterstock/Monika Gruszewicz

Па дадзеных аналітычнай кампаніі Steelmint, продажы расійскага коксу ў Індыю за дзевяць месяцаў 2022 года склалі 1,5 млн тон, у той час як у 2021 годзе Расія экспартавала ў Індыю 1,3 млн тон коксу. Тэмпы росту прыкметна ніжэйшыя, чым у выпадку з экспартам энергетычнага вугалю, імпарт якога з Расіі вырас у разы – з 2,2 млн тон у 2021 годзе да 5,7 млн тон за дзевяць месяцаў гэтага года, піша польскі партал energetyka24.

На думку аналітыкаў Steelmint, адна з галоўных прычын – боязь металургічных кампаній перад магчымымі контрсанкцыямі з боку Захаду. Яшчэ адна праблема – доўгі час дастаўкі з Расіі ў Індыю. Металургічная прамысловасць Індыі таксама мае доўгатэрміновыя кантракты на пастаўку вугалю ад іншых пастаўшчыкоў, у асноўным з Аўстраліі. Страх зніжэння попыту на сталь з-за рызыкі рэцэсіі таксама ўплывае на імпарт вугалю.

Расійскі вугаль падтрымліваецца тым, што, як і ўся сыравіна, якая зараз экспартуецца з Расіі, ён прадаецца з вялікім дысконтам. Паводле ацэнак, цяпер зніжка даходзіць да 60% ад рынкавага кошту вугалю іншых вытворцаў. Індыя таксама плануе павялічыць вытворчасць сталі, у асноўным метадам BOS (Basic Oxygen Steelmaking), які патрабуе для гэтага менавіта коксавага вугалю.

Для расійскай горназдабыўной прамысловасці індыйскі рынак разглядаецца як магчымая альтэрнатыва больш прыбытковаму і перспектыўнаму рынку Кітая. Толькі ў верасні расійскія шахты прадалі туды 2,5 млн тон коксавага вугалю.

эж