Беларуская Служба

Хуткі рост цэн выклікае змены ў пакупках усё большай колькасці палякаў

21.11.2022 12:17
З асноўных тавараў моцна пацярпелі прадукты харчавання і набыццё адзення і абутку.
 .
Ілюстрацыйны здымак.stevepb/pixabay.com/CC0

Паводле даследавання GfK Polonia, пра якія першай даведалася «Rzeczpospolita», у выпадку моцнага алкаголю амаль 3% хатніх гаспадарак цалкам адмовіліся ад такіх пакупак. Гэта значыць, што за дзевяць месяцаў колькасць сем'яў, якія купляюць спіртныя напоі, зменшылася амаль на 400 тысяч.

Гэта не адзіны прыклад, падобная група адмовілася ад свежай рыбы або рассыпной гарбаты, крыху меншая група – ад масла (на карысць больш таннага маргарыну), алівак або растваральнай кавы.

Такія паводзіны адбіваюцца на ўсім рынку. «За дзевяць месяцаў 2022 года кошт харчовых тавараў, набытых польскімі хатнімі гаспадаркамі, павялічыўся на 10,3% і гэта было вынікам росту коштаў. Пры гэтым абʼём закупак скараціўся на 2%. Мы купляем менш, абмяжоўваючы выдаткі, але плацім больш», – кажа Шыман Мардасевіч, камерцыйны дырэктар GfK Polonia Households Panel.

Толькі кожная дзясятая сямʼя ў Польшчы не абмяжоўвае выдаткі, таксама на асноўныя прадукты. Вытворцы і гандляры рыхтуюцца да ўзмацнення негатыўных тэндэнцый на рынку.

Інфармацыю пацвярджаюць іншыя крыніцы. Гэта відаць па меншай колькасці планаваных пакупак у дадатку Listonic. «У кастрычніку 2022 года мы назіралі зніжэнне цікавасці да алкагольнай прадукцыі, такой як гарэлка, віно і піва – на 28%, 23% і 20% адпаведна», – кажа Малгажата Ольчак, кіраўнік аддзела продажаў Listonic.

Дадатак таксама бачыць зніжэнне цікавасці да мяса. У кастрычніку найбольшае, 35-працэнтнае падзенне закранула мяса індыка, а ў цэлым па птушцы – 25-працэнтнае зніжэнне. На 27% знізіўся інтарэс да ялавічыны, на 18% да свініны.

Усё гэта – выклік для крам. «Безумоўна, цяперашняя сітуацыя адбіваецца і на нашых кашальках, што наўпрост адбіваецца на змесце кошыка. Кліенты шукаюць эканоміі, яны больш уважліва прыглядаюцца да цэнавых акцый і вагі ўпакоўкі», – кажа Агата Бернацка, кіраўнік аддзелу камунікацыі і піяру сеткі «Aldi» у Польшчы.

Паводле апытання GfK, 89% хатніх гаспадарак вымушаныя ашчаджаць. Кожны трэці знаходзіцца ў кепскім матэрыяльным становішчы, сярод іх ёсць нават скарачэнне паўсядзённых выдаткаў. Агулам на забавах па-за домам, харчаванні ў рэстаранах, пакупак вопраткі і абутку эканоміць ад 36 да 46 працэнтаў палякаў.

Rzeczpospolita/ав