Беларуская Служба

Кракаў – першы горад у Польшчы з зонай чыстага транспарту

24.11.2022 09:25
Зона чыстага транспарту будзе ахопліваць увесь горад Кракаў, за выключэннем аўтамагістралі А4 і хуткаснай дарогі S7.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Nerivill/pixabay.com/CC0 Public Domain

Кракаў – гэта першы горад у Польшчы, дзе была вызначана зона чыстага транспарту. Мясцовыя ўлады прынялі пастановы, якая забароніць уезд у горад аўтамабіляў з самымі старымі тыпамі рухавікоў.
«Праз два гады аўтамабілі, якія не адпавядаюць ніякім стандартам выкідаў, не змогуць уехаць у Кракаў. Фундаментальныя змены ў рамках «зоны чыстага транспарту» ўступяць у сілу праз чатыры гады», – тлумачыць Лукаш Франэк(Łukasz Franek) з Упраўлення грамадскага транспарту ў Кракаве:

- Калі гаворка ідзе экалагічныя стандарты, якія рэгулююць утрыманне шкодных рэчываў у выхлапных газах транспартных сродкаў, то маецца на ўвазе стандарт Euro III для аўтамабіляў з бензінавымі рухавікамі, выпушчаных ад 2000 года і Euro V – для аўтамабіляў з дызельнымі рухавікамі, выпушчаных ад 2010 года. Забарона пачне дзейнічаць з ліпеня 2026, то бок праз чатыры гады. Ва ўсіх гарадах, у якіх гэткая зона была ўведзена, фіксавалася паляпшэнне якасці паветра.

Паводле ацэнак, да 2024 года жыхары Кракава павінны змяніць на ноўшыя каля 130 тысяч аўтамабіляў. Цяпер чыноўнікі будуць працаваць над электроннай сістэмай кантролю транспартных сродкаў, якія ўязджаюць у горад:

- Хутчэй за ўсё, гэта будзе маніторынг, які будзе рэгістраваць нумары аўтамабіля. То бок перад уездам у горад трэба будзе зарэгістравацца – падаць нумар аўтамабіля, год вытворчасці, тып рухавіка. На гэтай падставе аўтамабіль атрымае або не згоду на ўезд на тэрыторыю горада. За парушэнне забароны пагражае штраф у памеры 500 злотых (больш за 106, 5 еўра).

Паводле агульных ацэнак, 35 працэнтаў смогу ў горадзе – гэта транспартнае забруджванне паветра. Зона чыстага транспарту будзе ахопліваць увесь горад Кракаў, за выключэннем аўтамагістралі А4 і хуткаснай дарогі S7.

Забарона на ўезд не будзе распаўсюджвацца на тэхнічныя і гістарычныя транспартныя сродкі, а таксама аўтамабілі пажылых людзей, якім больш за 70 гадоў. Падобныя зоны дзейнічаюць практычна ва ўсіх буйных гарадах краін Еўрасаюза.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка