Беларуская Служба

Энергетычны мост Польшча-Украіна можа запрацаваць у наступным годзе

03.12.2022 11:14
Расійскія атакі могуць таксама ўскладніць працу на польска-ўкраінскім энергетычным мосце.
.
.sebaonflames/pixabay.com/CC0

Энергетычны мост Польшча-Украіна будзе пабудаваны ў наступным годзе, калі гэтаму не перашкодзяць расійскія атакі, піша biznesalert.pl.

Спалучэнне Жэшаў-Хмяльніцкі паміж Польшчай і Украінай можа запрацаваць у першым квартале 2023 года, але многае залежыць ад сітуацыі ва Украіне. Украінцы хацелі экспартаваць энергію, але з-за расійскіх нападаў яны вымушаныя яе імпартаваць. Гэтыя атакі могуць таксама ўскладніць працу на польска-ўкраінскім энергетычным мосце.

– Лінія патрэбная, хоць цяпер Украіне трэба імпартаваць энергію, а пра экспарт не можа быць і гаворкі, – заявіў на сустрэчы з журналістамі віцэ-дырэктар Польскіх электраэнергетычных сетак Томаш Сікорскі. – Мы праводзім работы па аднаўленні працы лініі. Падобныя работы вядуць са свайго боку і ўкраінцы. Разам мы імкнемся падключыць лініі ў першым квартале наступнага года, але пакуль цяжка назваць дакладны тэрмін завяршэння работ, якія вядуцца з украінскага боку ва ўмовах ваеннага часу, пад пастаяннымі ракетнымі абстрэламі і з перабоямі ў электразабеспячэнні.

– Накірунак паставак – гэта перш за ўсё экспарт электраэнергіі ва Украіну, неабавязкова з прыгранічных сістэм. На форуме еўрапейскіх аператараў энергасістэм цяпер вядзецца інтэнсіўная праца па забеспячэнні экспарту электраэнергіі ва Украіну і Малдову, – растлумачыў Сікорскі.

Уварванне Расіі ва Украіну прывяло да серыі ракетных удараў па энергетычнай інфраструктуры ўздоўж Дняпра. Украінцы пакутуюць ад дэфіцыту адной траціны электраэнергіі, зніжаюць спажыванне шляхам кантраляваных адключэнняў і разлічваюць на развіццё імпарту з Еўрасаюза, у тым ліку праз Польшчу. Для гэтага можна выкарыстоўваць злучэнне Жэшаў-Хмяльніцкі, якое ў мірны час таксама можна было б выкарыстоўваць для імпарту ў Польшчу энергіі з атамных электрастанцый Украіны. Украінцы ўвайшлі ў Энергетычную супольнасць і сінхранізавалі энергасістэму з кантынентальнай вясной 2022 года. Яны супрацоўнічаюць з асацыяцыяй еўрапейскіх аператараў ENTSO-E.

ав

Украіна змагаецца з беспрацоўем і высокай інфляцыяй

03.12.2022 07:12
Украінскі ўрад ацэньвае, што да канца году беспрацоўе ў краіне дасягне 30%, у сваю чаргу інфляцыя складае 26%.