У сярэднім польская сямʼя выдаткуе на калядныя святы ў гэтым годзе на 3,3 працэнта менш, чым год таму. Палякі баяцца інфляцыі, але істотна скарачаць выдаткі не плануюць, піша Rzeczpospolita са спасылкай на апытанне, праведзенае кампаніяй IBRiS.
Сярэднія выдаткі сям’і на калядныя пакупкі ў гэтым годзе складуць крыху больш за 1235 злотых ($280). Год таму Каляды каштавалі ў сярэднім 1277,30 злотых, што было на звыш дзесяці адсоткаў больш у параўнанні з 2020 годам.
Большую частку сёлетніх выдаткаў – больш за 750 злотых – палякі выдаткуюць на падарункі. Звыш адной трэцяй апытаных заяўляюць, што будуць купляць іх у інтэрнэце, а 17 працэнтаў выберуць канкрэтную краму (але не супермаркет).
Якія падарункі самыя папулярныя сёлета? На першым месцы, як і летась, касметыка (прыкладна 36 працэнтаў адказаў). Аднак сёлета таксама шмат людзей вырашылі купіць у падарунак адзенне (рост на 11%) і далікатэсы (рост на 7%), затое зменшылася папулярнасць кніг і цацак. Варта адзначыць істотны рост цікавасці да падарункаў у выглядзе электронікі – з 1% у 2021 годзе да амаль 12% у 2022 годзе.
Апытанне IBRIS на замову выдання Rzeczpospolita праводзілася 3-4 снежня ў групе 1100 рэспандэнтаў.
нг