Беларуская Служба

Законапраект «Першая кватэра» неўзабаве будзе ўнесены ў графік працы ўраду

10.01.2023 08:02
Праграмай змогуць скарыстацца як сем'і, так і адзінокія людзі ва ўзросце да 45 гадоў.
Здымак мае ілюстрацыйны характарjarmoluk/pixabay.com/CC0 Public Domain

Міністр развіцця і тэхналогій Польшчы паведаміў, што праца па прыняцці ўрадавай праграмы «Першая кватэра» ідзе па плане. Паводле яго, праграма павінна складацца з дзвюх частак. Першая – гэта крэдыт пад 2 працэнты на працягу першых 10 гадоў, а другая – гэта жыллёвы рахунак, на які можна будзе ўносіць сродкі для набыцця першай нерухомасці. Міністр Вальдэмар Буда(Waldemar Buda) адзначыў, што законапраект ужо падрыхтаваны:

- Я спадзяюся, што цягам бліжэйшых дзён законапраект будзе ўнесены ў графік працы ўрада. Спачатку ён будзе разглядацца на ўзроўні Савета міністраў, а на пачатку лютага пачнецца праца над ім у парламенце.

Праграмай змогуць скарыстацца як семʼі, так і адзінокія людзі ва ўзросце да 45 гадоў. У наступныя гады ўрад прадугледжвае дзяржаўныя субсідыі ў памеры 800 мільёнаў злотых(170,5 мільёна еўра) у год на гэтую мэту. Даплаты да жыллёвых крэдытаў павінны дзейнічаць цягам першых 10 гадоў. Згодна з праграмай, па заканчэнні гэтага перыяду ўзносы не павінны павялічвацца дзякуючы ўвядзенню схемы памяншэння растэрміноўкі, што дазволіць семʼям, якія карыстаюцца праграмай, захаваць фінансавую стабільнасць.

Праграма «Першая кватэра» накіравана на тое, каб маладыя людзі куплялі кватэры для ўласнага карыстання. Дадатковыя ільготы і субсідыі для семʼяў з дзецьмі таксама павінны палепшыць дэмаграфічную сітуацыю ў краіне.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі