Беларуская Служба

Нядобрасумленныя практыкі прадаўцоў украінскага збожжа наносяць шкоду польскім аграрыям

17.01.2023 11:30
Наплыў украінскага збожжа адбіваецца на цэнах у суседніх з Украінай дзяржавах.
Zdjęcie ilustracyjne.
Zdjęcie ilustracyjne.Pixabay

Еўрапейская камісія плануе абмеркаваць гэтую з'яву яшчэ ў студзені на пасяджэнні Савета па сельскай гаспадарцы і рыбалоўству, паведаміў камісар ЕС па сельскай гаспадарцы, паляк, Януш Вайцяхоўскі.

У эфіры Польскага радыё Януш Вайцяхоўскі сказаў, што павелічэнне прысутнасці ўкраінскіх збожжавых на руку некаторым імпарцёрам, напрыклад галандцам, якім выгадна прысутнасць танных тавараў. Вайцяхоўскі адзначыў, што для такіх краінаў, як Польшча, гандаль украінскім збожжам на ўнутраным рынку зʼяўляецца праблемай:

- Факт, што гандаль датычыць значна большых абʼёмаў, чым гэта было раней. Польшча заўсёды імпартавала кукурузу з Украіны, аднак зараз гэты імпарт моцна вырас. Пшаніцу Польшча амаль зусім не купляла ва Украіны, цяпер імпарт зʼявіўся. Я спадзяюся, што гэтыя праблемы будуць часовымі, бо ва Украіны былі запасы, але сёння ўжо там няма такой колькасці збожжавых, як да вайны. Нам трэба падтрымліваць Украіну, але не можа быць так, што польскія фермеры нясуць кошты гэтай падтрымкі.

У Люблінскім ваяводстве Гандлёвая інспекцыя паведаміла ў Пракуратуру аб здзяйсненні злачынства гандлярамі збожжам. Прадпрыемствы, якія імпартуюць у Польшчу гэтак званае тэхнічнае збожжа, прызначанае для спальвання ў якасці крыніцы энергіі або для вытворчасці біяпаліва, прадавалі яго на корм. Гэтыя практыкі наносяць шкоду польскім фермерам нядобрасумленнай канкурэнцыяй.

У сувязі з паступленнем у Польшчу ўкраінскага збожжа з пратэстамі выступілі аграрныя арганізацыі Agrounia і Solidarność.

Сёння ў розных частках Польшчы: у гарадх Аполе на поўдні краіны, Хэлм на усходзе, Осек і Сьвінавуйсце на поўначы Польшчы адбываюцца пратэсты фермераў.

Фермеры заклікаюць вызначыць правілы ўвозу украінскіх збожжавых у Польшчу, увесці дэпазіт за правоз збожжа без мыта і такім чынам абараніць польскія гаспадаркі.

IAR/яс

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі