Беларуская Служба

У Польшчы складаная сітуацыя на рынку жылля

24.01.2023 16:56
Некаторыя эксперты прагназуюць абвал.
Аўдыё
  • У Польшчы складаная сітуацыя на рынку жылля; Польшча мае намер пабудаваць тры АЭС; Урад чакае ад PKP зніжэння цэн білетаў на цягнікі
 .
Ілюстрацыйнае фота.Shutterstock/Roman Babakin

Паводле апошніх дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, у 2022 годзе ў Польшчы было пабудавана 238 тысяч кватэр, што з'яўляецца найбольшай колькасцю з 1979 года. Аднак тэндэнцыі ў будаўнічай галіне паказваюць, што праз два гады новых кватэр амаль не будзе.

Гэты прагноз пацвярджае Польская асацыяцыя забудоўшчыкаў PZFD, паводле ацэнак якой, сёлета, у параўнанні з 2021 годам, колькасць пачатых будоўляў знізіцца ўдвая.

Старшыня рады PZFD і архітэктар Дарота Яродзка-Сьрудка (Dorota Jarodzka-Śródka) сказала, што меншы попыт зʼяўляецца вынікам высокай інфляцыі і зніжэння крэдытаздольнасці палякаў:

- Наступствы прыпынення шматкватэрнага будаўніцтва будуць бачныя праз год-два. На рынку проста не будуць прадавацца новыя кватэры. Калі ў эканоміцы стане лепшай сітуацыя, інфляцыя зменшыцца і людзі вырашаць укласці грошы ў жыллё, на той момант кватэр проста на рынку не будзе.

У снежні 2022 года дэвелоперы распачалі будаўніцтва прыблізна 7 тысяч кватэр. Гэта на 45 працэнтаў менш, чым годам раней.

Забудоўшчыкі тлумачаць, што 2022 год стаў складаным перыядам для жыллёвага будаўніцтва. Абмежаваны доступ да іпатэчных крэдытаў для насельніцтва, зніжэнне продажаў кватэр і рэзкае павелічэнне кошту будаўніцтва прывялі да прыкметнага зніжэння колькасці новых інвестыцый і колькасці выдадзеных дазволаў на будаўніцтва.

Гэта дрэнны паказчык на бліжэйшы час, таму што калі колькасць выдадзеных дазволаў на будаўніцтва ўпала за год амаль на 13%, а колькасць фактычна пачатых інвестыцый амаль на 28%, гэта азначае істотны абвал у будаўніцтве жылля.

Гэтыя недахопы ўжо немагчыма будзе запоўніць, адзначаюць эксперты. У сярэднім будаўніцтва жылога дома займае два гады. Адпаведна, калі шматкватэрнік не будзе пабудаваны ў 2022 годзе, то ён і не будзе ўведзены ў эксплуатацыю ў 2024 годзе.

Напрыканцы мінулага года ўрад агучыў асноўныя ўмовы новай праграмы «Першая кватэра». Праект прадугледжвае дзяржаўныя даплаты да іпатэчнага крэдыту на 10 гадоў і стварэнне спецыяльных ашчадных рахункаў для будучых уладальнікаў першай кватэры.

Гэтая праграма мае шанцы ажывіць крыху дзейнасць девелопераў, аднак усе яшчэ чакаюць больш дакладнай інфармацыі.

 яс

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі