Беларуская Служба

Даследчыца Наталля Красько: Шмат хто задаецца пытаннем, як пабудаваць бізнес, які можна пасля перавезці ў Беларусь

04.02.2023 10:20
Пакуль складана ацаніць маштабы бізнес-эміграцыі з Беларусі, але дакладна можна гаварыць пра масавую з'яву.
Аўдыё
   KAKAO Warszawa
Прылавак беларускай кавярні KAKAO WarszawaКрыніца:https://www.facebook.com/people/KAKAO-Warszawa

Міграцыя беларускіх бізнесменаў і бізнесаў за мяжу набыла масавы характар. Але маштабы яе ацаніць пакуль складана – працэс не зніжае абаротаў. Якія патрэбы беларускага бізнесу ў Польшчы, што складана для людзей, якія пачынаюць сваю справу ў новай краіне?

Даследчыцкі цэнтр Beroc прааналізаваў сітуацыю з бізнесам у асяродку беларускай дыяспары ў Польшчы, Літве, Украіне.даследчыкі адзначаюць, што міграцыя беларускіх бізнесменаў і вывад бізнесу за межы краіны назіраліся фактычна з моманту фарміравання бізнесу ў Беларусі пасля аднаўлення яе незалежнасці. Рэгулярныя эканамічныя крызісы і вузкасць унутранага рынку з'яўляліся «пастаянна дзеючымі» выштурхоўваючымі фактарамі.

Палітычны крызіс 2020 г. і ўнутраныя рэпрэсіі, якія рушылі за ім, на працягу сціснутага адрэзка часу, зрабілі выезд з краіны і рэлакацыю бізнесу распаўсюджанай «стратэгіяй выжывання», актуальнай для многіх бізнесаў. Вайна ва Украіне стала магутным фактарам для эміграцыі, які акумуляваў у сабе і рызыкі асабістай бяспекі, і рызыкі для дзелавой рэпутацыі, і поўную нявызначанасць у плане магчымасці бачання бізнесу, звязанага з імпартам і экспартам, грузаперавозкамі, лагістыкай і гэтак далей.

Пакуль складана ацаніць маштабы бізнес-эміграцыі з Беларусі, але дакладна можна гаварыць пра масавую з'яву.

Праблемы беларускага бізнесу, які рэлацыраваўся ў Польшчу, Літву і Украіну, можна падзяліць на чатыры вялікіх групы: першасная адаптацыя, пошук партнёраў, кліентаў, супрацоўнікаў, доступ да фінансавых рэсурсаў (крэдытаванне і інвестыцыі) і доступ да інфармацыйных і арганізацыйных рэсурсаў (кансалтынг).

Трэба разумець, што бізнесоўцы – людзі прагматычныя і абіраюць краіну для эміграцыі абдумана. Вось крытэрыі, паводле якіх, беларусы абіралі Польшчу для рэлакацыі бізнесу:

- даступнасць легалізацыі і падтрымка беларусаў;
- геаграфічная блізкасць;
- еўрапейская краіна з добрымі ўмовамі для жыцця і магчымасцю свабоднага перамяшчэння ў ЕС, невысокі кошт жыцця;
- магчымасці інвестыцый і навучання;
- расце рынак, магчымасці для бізнесу, якіх няма ў іншых, больш развітых, краінах ЕС;
- блізкі менталітэт, нескладаная мова, вялікая колькасць беларусаў, якія пражываюць у Польшчы.

Наталля Красько з’яўляецца адным з аўтараў згаданага даследавання BEROC. Таксама яна займаецца стварэннем у Польшчы Беларускай супольнасці бізнесоўцаў. Суразмоўца адзначае, што разгубленасць – самая вялікая праблема для бізнесоўца:

– Людзі тут вымушана знаходзяцца. Для іх праблема прыняць сітуацыю. І чым хутчэй яны гэта зробяць, тым лепш. А некаторыя і па шэсць месяцаў не могуць прыступіць да спраў. Бізнесмены заўсёды дзейнічаюць, тады адна магчымасць чапляецца за другую. І гэты навык, які фармаваўся гадамі, дзесяцігоддзямі, праяўляецца ў любым асяроддзі. Ты шукаеш магчымасці, бачыш, як магчымасці перавесці ў грошы. Пачатак – гэта цэнтральнае. Мы ставім прыярытэтам адаптацыю такіх людзей. Большасць жа выехалі вымушана, асаблівасць нашай міграцыі акурат у тым, што мы знаходзімся тут не па сваёй волі.

Наталля падкрэслівае, што бізнесоўцам патрэбныя доўгатэрміновыя планы. Шмат хто задаецца пытаннем, як пабудаваць бізнес, які можна пасля перавезці ў Беларусь.

А вось якія праблемы назвалі людзі, якія перавозяць бізнес у Польшчу і настройваюць тут працэсы:

- складанасці з атрыманнем рабочых віз для рэлакацыі персаналу;
- цяжкасці з бухгалтэрыяй і заблытанае падатковае заканадаўства;
- бюракратыя ведамстваў і нізкая якасць абслугоўвання;
- высокія падаткі і складанасці працоўнага заканадаўства
- складаны і незразумелы рынак.

Цяпер у Польшчы працуе Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжою (АВВА), Саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў (ZPP), якія маюць стасункі з беларускімі бізнесоўцамі.
Наталля Красько гаворыць, што Беларуская супольнасць бізнесоўцаў ставіць мэту інтэграцыі людзей у мясцовыя сістэмы і структуры, але разам з тым з захаваннем беларускіх сувязяў:

– Бізнес хутчэй прыходзіць у сябе. Бо зразумела, што толькі са сваімі бізнес не пабудаваць. Трэба быць і там, і там: захаваць сваё грамадства і адначасова інтэгравацца ў чужое. Тут шмат чаму можна навучыцца. Польская эканоміка хутка пайшла наперад і шмат можа даць беларускаму бізнесу. Незразумела, колькі вы тут прабудзеце – год-два. Навошта губляць такія магчымасці? Вы можаце стаць еўрапейцам, стварыць тут бізнес і вярнуцца, калі захочаце. Але возьмеце шмат адсюль – па стандартам вядзення бізнесу і гэта далей.

Разам з тым Наталля гаворыць, што цяпер ідзе хваля міграцыі людзей, якія выходзяць з турмаў пасля прысудаў у 2020-ым-2021-ым гадах, і для іх яшчэ больш востра стаіць пытаннем, як пачынаць жыццё з нуля, бо думкамі яны «ўсё яшчэ ў 2020-ым».

вх