У цяперашні час айчынная гародніна на 55,7% даражэйшая, чым у мінулым годзе. Разам з надыходам вясны гародніна будзе таннець, але не варта чакаць моцнага падзення коштаў да Вялікадня, гаворыць эксперт аптовага рынку ў падваршаўскіх Бранішах Мацей Кмера, чытаем на старонках Dziennik Gazeta Prawna.
«Мы знаходзімся ў перадуборачным перыядзе, які, як вынікае з назвы, перад новым ураджаем. Гэта пераломны перыяд. Аднак не будзе так, што ўсе тавары на рынку адразу патаннеюць – тут трэба ўлічваць камерцыйныя і прыродніцкія ўмовы. Працэс стабілізацыі коштаў працягнецца прыкладна да канца красавіка», – гаворыць Кмера.
У сярэдзіне сакавіка ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года айчынная гародніна (12 найменняў) была даражэйшыя больш чым на 55,7 працэнта. Больш за ўсё падаражэлі цыбуля (у 3,5 раза), морква і цыбуля парэй (у 2,5 раза). Буракі таннейшыя, чым год таму (на 4%).
На думку эксперта, танней стане, калі на рынку паявіцца першая польская гародніна. Тады высокія мінулагоднія цэны на гародніну павінны стаць больш гнуткімі і адаптавацца да канкурэнцыі ў выглядзе маладой гародніны.
«Выключэнне – папрыка. Іспанцы трымаюць цэны, бо бачаць, што канкурэнцыі мала. Да таго ж папрыкі ў іх усё менш», – тлумачыць Кмера.
Ён нагадаў, што высокі кошт папрыкі абумоўлены дрэнным надвор'ем. Зараз гішпанская папрыка прапануецца на рынку ў Бранішах па 19-20 злотых, але жадаючых набыць яе няшмат. Турэцкая папрыка таннейшая – 14 злотых/кг.
Цыбуля каштуе дорага, за яе ў опце даводзіцца плаціць да 4,5 злотых за кг. Гэтая гародніна стала самай дарагой з усіх айчынных – падаражэнне больш чым на 320 працэнтаў у параўнанні з сярэдняй цаной за апошнія 10 гадоў. Яе кошт таксама будзе паступова зніжацца, калі зʼявіцца маладая цыбуля – спачатку імпартная з Балкан, а ў сярэдзіне траўня ўжо айчынная.
Прычына такіх высокіх коштаў на цыбулю – попыт на гэтую гародніну. Яе выкарыстоўваюць у многіх краінах, але не ўсюды яе можна вырошчваць. Мінулы год на поўдні Еўропы не быў паспяховым, у Польшчы былі добрыя ўраджаі, але ёсць таксама вялікі экспарт, – растлумачыў эксперт.
Падлікі Кмеры паказваюць, што ў параўнанні з сярэднімі коштамі сакавіка за апошнія 10 гадоў (з 2013 года), акрамя цыбулі, больш за ўсё падаражэлі морква (больш чым на 158%) і бульба (на 127%). Увесь кошык (14 відаў гародніны) у сакавіку гэтага года даражэйшы за сярэдні шматгадовы паказчык сакавіка на 68 працэнтаў.