Беларуская Служба

600 млн злотых кампенсацыі атрымаюць польскія фермеры за страты ў звязку з наплывам збожжа з Украіны

28.03.2023 14:55
У Польшчы пратэстуюць фермеры, якія не могуць прадаць сваю пшаніцу і кукурузу.
Здымак мае ілюстрацыйны характарpixabay.com

У Польшчы пратэстуюць фермеры, якія не могуць прадаць сваю пшаніцу і кукурузу, таму, што ўкраінскае збожжа, якое павінна было праз Польшчу трапіць у Афрыку, запаўняе польскія сіласы. Польскія прадпрымальнікі, якія гандлююць збожжам, скупляюць украінскую, больш танную, пшаніцу і кукурузу. Гэтая сітуацыя разгневала польскіх фермераў, якія акцыі пратэсту скіравалі супраць ураду, у прыватнасці супраць міністра сельскай гаспадаркі.

Польскі ўрад вырашыў залагодзіць пратэсты кампенсацыямі, але на гэта была патрэбная згода Еўрапейскай камісіі.

Учора стала вядома, што Еўракамісія адобрыла дзяржаўную праграму дапамогі фермерам, якія панеслі страты з-за імпарту збожжа з Украіны.

Гаворка ідзе пра падтрымку сектара пшаніцы і кукурузы ў памеры 600 мільёнаў злотых. Камісія прызнала праграму польскага ўраду адпаведнай патрабаванням да дзяржаўнага фінансавання.

 «Праграма неабходны, мэтазгодны і адпаведны для ліквідацыі сур'ёзнага парушэння ў эканоміцы», – падкрэсліла камісія.

Мэта праграмы – забяспечыць фінансавую ліквіднасць вытворцаў пшаніцы і кукурузы, якія пацярпелі ад масавага паступлення збожжа з Украіны. Прамыя даплаты не могуць перавышаць 250 тысяч еўра на бенефіцыяра і павінны быць выдзелены да канца гэтага года.

Сродкі выдзяляюцца з польскага бюджэту. Аднак на гэтым тыдні чакаецца зацвярджэнне падтрымкі з фондаў ЕС у рамках так званага крызіснага рэзерву. Пра гэта паведаміў камісар па справах сельскай гаспадаркі польскі еўрадэпутат Януш Вайцяхоўскі. Варшава атрымае 29,5 мільёна еўра і зможа падвоіць гэтую суму за кошт датацый з дзяржаўнага бюджэту.

Збігнеў Кузьмюк ад партыі «Права і справядлівасць» паведаміў, што ўрад прадставіць некалькі відаў падтрымкі фермераў.

 - Мы выплацім фермерам кампенсацыі ў сувязі з тым, што сусветная і еўрапейская цана збожжа знізілася. Даплаты будуць рознай велічыні, чым бліжэй да мяжы - тым больш.

Паводле папярэднай інфармацыі, урад будзе плаціць за кожную тону пшаніцы фермерам у Падкарпацкім ваяводстве 259 злотых, у Свентакшыскім, Малапольскім, Мазавецкім і Падляскім ваяводствах – 200 злотых, а ў астатніх частках краіны – 150 злотых

Еўрадэпутат адзначыў, што «не будзе датацый для тых, хто купіў украінскае збожжа і не мае куды яго прадаць». «Гэта будуць субсідыі для фермераў, прапарцыянальна пасевам і ўраджайнасці з гектара», – сказаў Збігнеў Кузьмюк.

Прадугледжана таксама датацыя для закупачных прадпрыемстваў на перавозку збожжа да Гданьска, аднак пры ўмове, што яно будзе адпраўлена далей марскім шляхам - да 200 злотых за тону.

IAR/яс

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі