Беларуская Служба

Палякі адмаўляюцца ад расійскай нафты нават на замежных рынках

24.05.2023 12:01
Канцэрн PKN Orlen плануе дыверсіфікаваць пастаўкі нафты ў Чэхію, каб ліквідаваць залежнасць сыравіны з Расіі.
Аўдыё
  • Палякі адмаўляюцца ад расійскай нафты нават на замежных рынках
-
Віцэ-прэм'ер і міністр дзяржаўных актываў Яцэк СасінPAP/Rafał Guz

Польшча супрацоўнічае з Чэхіяй, каб цалкам вывесці расійскую нафту з чэшскага рынку, заявіў польскі віцэ-прэм'ер і міністр дзяржаўных актываў Яцэк Сасін. У аўторак у Празе палітык размаўляў з міністрам прамысловасці і гандлю Чэхіі Ёзэфам Сікелам пра дыверсіфікацыю паставак сыравіны, супрацоўніцтва ў энергетычнай сферы, а таксама праблемы польскага канцэрна PKN Orlen на чэшскім рынку.

Наша мэта – як мага хутчэй дыверсіфікаваць пастаўкі сырой нафты ў Чэхію, дзе ў рамках Групы Orlen працуе кампанія Orlen Unipetrol. Гэта з мэтай суцэльнага выключэння паставак сыравіну з Расіі, заявіў віцэ-прэмʼер і міністр дзяржаўных актываў Польшчы Яцэк Сасін(Jacek Sasin) пасля перамоваў у Празе.

Падчас прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы з кіраўніком чэшскага Міністэрства прамысловасці і гандлю, намеснік прэмʼера абвясціў, што перамовы былі сканцэнтраваны галоўным чынам на энергетычнай бяспецы рэгіён і супрацоўніцтве абодвух урадаў у гэтай сферы, а таксама рашэннях, якія прымаюцца ў рамках Групы Orlen.

- Нашая мэта, нашая агульная мэта – як мага хутчэй дыверсіфікаваць пастаўкі сырой нафты такім чынам, каб цалкам выключыць расійскую сыравіну.

Паводле заяваў чэшскага ўрада, у будучым годзе завершыцца пашырэнне Трансеўрапейскага нафтаправода, што дазволіць павялічыць пастаўкі нафты ў НПЗ Групы Orlen у Чэхіі з парта ў італьянскім горадзе Трыест.

Ліквідаваць расійскую нафту на рынку ў час энергетычнага крызісу няпроста, але магчыма, пераконвае Яцэк Сасін. Ён нагадаў, што такі працэс быў паспяхова праведзены ў Польшчы:

- У Польшчы вельмі важным крокам па дыверсіфікацыі паставак сырой нафты стала зліццё PKN Orlen і Групы Lotos, прыцягненне партнёра для гэтай здзелкі – саудаўскай нафтавай кампаніі Saudi Aramco і падпісанне стратэгічнага пагаднення для забеспячэння паставак сыравіны. Між тым, зараз нафта паступае ў Польшчу таксама з іншых кірункаў. Мы хочам, каб падобным чынам было ў Чэхіі. Гэта агульнае чаканне польскага і чэшскага ўрадаў, а таксама ўсёй міжнароднай супольнасці, якая шакаваная агрэсіяй Расіі супраць Украіны.

Палітык дадаў, што мэта – выключыць расійскія энергарэсурсы з еўрапейскага рынку.
Старшыня PKN Orlen Даніэль Абайцек(Daniel Obajtek), які разам з віцэ-прэм’ерам Сасінам пабываў у Празе, адзначыў, што польскі бок бярэ пад увагу шырокае супрацоўніцтва з чэшскімі кампаніямі, якое тычыцца, у тым ліку, нафты, газу і ядзернай энергетыкі:

- Мы шырока глядзім на супрацу, як у галіне паставак нафты і газу; супрацы з іншымі чэшскімі кампаніямі. Гаворка ідзе ў тым ліку пра ядзерную энергетыку. Па гэтай справе праводзяцца таксама маштабныя перамовы.

Падчас сустрэчы ў Празе гаворка ішла таксама аб уведзеным Чэхіяй падатку на звышпрыбытак, які «таксама моцна закрануў» кампанію Orlen Unipetrol. Старшыня PKN Orlen Даніэль Абайцек паясніў, што новы падатак можа паўплываць на інвестыцыйныя планы польскага канцэрна, у тым ліку, мадэрнізацыю актываў НПЗ:

- Мы паяснілі міністру, што падатковыя праблемы могуць перашкодзіць нам у ажыццяўленні інвестыцыйных працэсаў, хіба, што яны не будуць ахоплівацца згаданым падаткам. Гэта не проста бізнес, гэта інвестыцыя ў будучыню і бяспеку чэшскай дзяржавы.

Менавіта таму перамовы ў Празе тычыліся магчымасці ўзгаднення падатковага механізму і інвестыцыйных планаў Orlen Unipetrol.

Нагадваем, у Чэхіі з 1 студзеня 2023 года дзейнічае падатак на звышпрыбытак, які плацяць у асноўным энергетычныя кампаніі і банкі. Ён быў уведзены тэрмінам на тры гады ў сувязі з вайной Расіі супраць Украіны.

Кіраўнік PKN Orlen дадаў, што, праводзячы дыверсіфікацыю, польскі бок павінен забяспечыць пастаўкі нафты ў НПЗ, а чэшскі – транспарціроўку сыравіны. «І перамовы ў гэтым кірунку працягваліся», – заявіў Абайтэк.

Віцэ-прэмʼер Сасін падкрэсліў, што Польшча з’яўляецца гарантам энергетычнай бяспекі для ўсяго рэгіёну.

«Велізарная ў гэтым роля PKN Orlen, які з нацыянальнага канцэрна ператварыўся ў еўрапейскі канцэрн, а дакладней, у цэнтральнаеўрапейскі канцэрн, але з амбіцыямі пашыраць сваю дзейнасць», – сказаў палітык. Ён адзначыў, што ў сферы энергетычнай бяспекі лёс Польшчы і лёс краін Цэнтральнай Еўропы агульны, «тут няма канкурэнцыі і не можа быць недаверу».

Кампанія Orlen Unipetrol, якая з’яўляецца часткай Групу Orlen, валодае двума і адзінымі ў Чэхіі НПЗ – у гарадах Літвінаў і Кралупы. У чэшскай кампаніі таксама каля 450 заправачных станцыі, якія з 2021 года праходзяць рэбрэндынг, то бок працуюць пад брэндам PKN Orlen. Раней яны называліся Benzina або Benzina Orlen.

Ад пачатку расійскага ўварвання ва Украіну ў сіле заставаліся два кантракты PKN Orlen на пастаўку расійскай нафты ў Польшчу. У красавіку бягучага года канцэрн паведаміў, што скасаваў кантракт з расійскай кампаніяй «Татнафта» на пастаўкі сыравіны з гэтага кірунку. Гэта адбылося пасля таго, як расійскі бок спыніў пастаўкі па нафтаправодзе «Дружба» ў Польшчу. Кантракт з «Татнафтай» першапачаткова павінен быў заканчвацца ў 2024 годзе.

Кантракт з «Раснафтай» скончыўся ў канцы студзеня бягучага года. Аднак у краіну надалей ідуць пастаўкі звадкаванага прыроднага газу з Расіі. Па дадзеных Міністэрства клімату і аховы навакольнага асяроддзя, у першым квартале 2023 года з гэтага напрамку краіна імпартавала больш за 377 тыс. тон звадкаванага газу. Еўрасаюз пакуль не вырашыў аб увядзенні забароны на імпарт расійскага звадкаванага газу ў Еўропу.

IAR/PAP/аз